Прадстаўнікі Расеі і Беларусі не будуць байкатаваць нефармальную сустрэчу Рады Бяспекі ААН з удзелам экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай. Пра гэта заявіў 19 студзеня першы намеснік пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Дзмітрый Палянскі, піша ТАСС.
Сустрэча адбудзецца па ініцыятыве Эстоніі, Францыі, Нарвегіі, Ірландыі, Вялікабрытаніі і ЗША і пройдзе онлайн.
Палянскі назваў сустрэчу «правакацыяй заходніх краін». «Але нам ёсць, што сказаць у адказ, — падкрэсліў ён. — Таму і Расія, і, наколькі мне вядома, сама Беларусь возьмуць удзел у сустрэчы».
«Тэма Беларусі не знаходзіцца на парадку дня работы Савета Бяспекі: гэта ўнутраная справа дадзенай краіны, якое не ўяўляе пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы», — дадаў Дзмітрый Палянскі.
На сустрэчах у фармаце нефармальных не прымаюць рэзалюцый і іншых афіцыйных дакументаў. Члены Савета бяспекі ААН могуць адмовіцца ад удзелу ў такой сустрэчы.
Ціханоўская падыме пытанне аб скліканні фармальнага пасяджэння
Аб сустрэчы 22 студзеня паведаміў Telegram-канал Святланы Ціханоўскай. Яна плануе звярнуць увагу на справу Ігара Лосіка, які галадае больш за месяц, і затрыманых па крымінальных справах журналістаў. Таксама яна раскажа пра справу Сяргея Ціханоўскага, па якой судзяць Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу, Яўгена Разнічэнка, — і іншых палітвязняў.
Святлана падыме пытанне міжнароднага расследавання злачынстваў прадстаўнікоў улады і склікання фармальнай сесіі Савета бяспекі ААН па пераадоленні крызісу ў Беларусі. Гэта будзе другое пасяджэнне Савета бяспекі ААН з удзелам Ціханоўскай.
Да гэтага яна прапанавала АБСЕ заняцца арганізацыяй дыялогу па рашэнні крызісу ў Беларусі. Пачаць з экспертнага круглага стала з удзелам ЕС, дэмакратычных сіл Беларусі, Каардынацыйнага савета і прадстаўнікоў афіцыйнай Беларусі. Таксама яна прызналася, што хацела б бяспечна вярнуцца ў Беларусь. Супраць Святланы Ціханоўскай тут узбуджана дзве крымінальныя справы, яе аб’явілі ў міжнародны вышук.