Паводле змен у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, следчыя органы могуць прыпыняць праверку для ўзбуджэнні крымінальнай справы на нявызначаны тэрмін. На гэта звярнуў увагу адвакат Сяргей Зікрацкі і яго калега Міхаіл Баднарчук. Важна, што з вынікамі праверкі могуць не знаёміць да яе заканчэння.

Раней на даследчую праверку давалася тры месяцы. Яе маглі прыпыніць яшчэ на тры месяцы, напрыклад, для правядзення экспертызы. Максімум праз паўгода можна было атрымаць альбо пастанову аб узбуджэнні справы, альбо аб адмове. «Нават рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні справы давала нам пэўныя механізмы — азнаямленне з вынікамі праверкі і абскарджанне такога адмовы», — тлумачыць адвакат Сяргей Зікрацкі.

Паводле зменаў у Крымінальна-працэсуальным кодэксе ад 06.01.2021 года, прадугледжана права прыпыняць праверку на тэрмін, большы за 3 месяцы, пры гэтым максімальны тэрмін не ўстаноўлены.

Абсалютная большасць змяненняў у КПК ўступае ў сілу з 14 красавіка 2021 года — праз тры месяцы пасля апублікавання Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Норма, якая дае права прыпыняць праверку на тэрмін больш за 3 месяцы, уступіла ў сілу адразу пасля апублікавання закона — 14 студзеня 2021 года.

Адвакаты звяртае ўвагу, што 6-месячны тэрмін пасля падзей 9−11 жніўня 2020 года павінен быў скончыцца як раз 9−11 лютага 2021 года.

Таксама важнай дэталлю яны лічаць тое, што заяўнікі не маюць права знаёміцца з матэрыяламі праверкі да яе заканчэння. «Менавіта таму маму Рамана Бандарэнка і яе адваката да гэтага часу не азнаёмілі з матэрыяламі праверкі», — падкрэслівае Зікрацкі.

Адмовы ва ўзбуджэнні крымінальных спраў за збіццё і неправамерныя дзеянні міліцыі пасля выбараў 9 жніўня беларусам пачалі прыходзіць у лістападзе 2020 года. У адмовах спасылаліся на адсутнасць складу злачынства і адэкватнасць аб’ёму і спосабаў прымянення сілы падчас затрыманняў ступені «грамадскай небяспекі» пратэстаў.

Поўнай статыстыкі па адказах ад Следчага камітэта на заявы беларусаў ва ўзбуджэнні крымінальных спраў у праваабаронцаў няма: не ўсе, хто пісаў заявы, звярталіся да іх па дапамогу. З жніўня па лістапад 2020 года грамадская прыёмная пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Мінску прыняла больш за 8000 зваротаў. 14,1% з іх былі звязаны з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем. У пачатку верасня ў следчыя органы па фактах гвалту з боку сілавікоў падчас пратэстаў звярнуліся больш за 1800 чалавек.