Навагоднія святы, а разам з імі вялікія выхадныя, у Гродне прайшлі адносна спакойна і без сур’ёзных здарэнняў. Пра гэта кажа статыстыка ДАІ, УУС і МНС, паведамляе «Гродно Плюс».
- У ноч з 31 снежня на 1 студзеня траўмы ад піратэхнікі атрымаў адзін чалавек. Для мужчыны няўдалы запуск петарды апынуўся тэрмічным апёкам твару і адкрытым пераломам фалангі пальца левай рукі. Дапамогу пацярпеламу аказалі амбулаторна.
- Гродзенская вобласць сустрэла Новы год без злачынстваў і здарэнняў, паведаміў Яўген Дудко, афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама.
- У рэгіёне затрымалі 20 нецвярозых вадзіцеляў і 24 пешахода. У рэгіёне адбылося тры ДТЗ. У Свіслацкім раёне пры лабавым сутыкненні загінулі два чалавекі і пяць атрымалі раненні.
1 студзеня каля 18.00 26-гадовая дзяўчына, кіруючы аўтамабілем «Аўдзі», рухалася па аўтадарозе Свіслач-Дабраволя. На другім кіламетры яна з’ехала на правую абочыну, пасля чаго страціла кіраванне і выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнулася з аўтамабілем «Фіят» пад кіраваннем 66-гадовага кіроўцы. На месцы здарэння памерлі двое пасажыраў: 48-гадовая жанчына, якая знаходзілася на пярэднім сядзенні «Аўдзі», а таксама 69-гадовы мужчына, які знаходзіўся на заднім сядзенні аўтамабіля «Фіят». Цялесныя пашкоджанні атрымалі абодва кіроўцы, пасажыр «Аўдзі» і два пасажыры з «Фіят».
- У першыя дні гэтага года падраздзяленні МНС рэгіёну выязджалі на дапамогу 49 разоў, з іх — чатыры разы на тушэнне пажараў.
Раніцай першага студзеня ў вёсцы Новікі Воранаўскага раёна пры тушэнні пажару прыватнага дома выявілі загінулым гаспадара 1960 года нараджэння. У суботу трагедыя адбылася ў вёсцы Плужыны Карэліцкага раёна, дзе загінуў мужчына 1972 года нараджэння. Пры пажары дачнага дома ў Мастоўскім раёне гаспадар таксама знойдзены без прыкмет жыцця. Прычыны і абставіны гібелі людзей усталёўваюць спецыялісты следчых органаў.
Па словах ратавальнікаў, зімой найчасцей узгаранні адбываюцца з-за курэння ў доме. Як правіла, пацярпелыя пры гэтым знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Нароўні з гэтай прычынай фіксуюцца здарэнні з-за няправільнай эксплуатацыі печаў і электраабсталявання.