Аляксандар Камісараў зь Нінай Багінскай. Фота: "Радыё Св***да"
Аляксандар Камісараў з Карэлічаў актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі. Ён паверыў у праект «Страна для жизни». Зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, ствараў тэлеграм-чаты, удзельнічаў у мірных акцыях, піша С**бода.
Ратуючыся ад перасьледу ў Беларусі, Аляксандар незаконна перайшоў мяжу і цяпер жыве ў закрытым лягеры для ўцекачоў ва Ўкраіне.
У Карэлічах у яго засталіся жонка, дзеці, праца. У пэрспэктывах — легалізавацца ва Ўкраіне. Далей — невядома. «Як і многія беларусы, спадзяюся на зьмены ў нашай краіне. Дзеці часта пытаюцца — калі я вярнуся? Я ня ведаю, што ім адказаць», — кажа ўцякач. Ягоным сынам — 6 і 13 гадоў.
Аляксандар — не грамадзянін Беларусі, хоць і жыў тут усё сьвядомае жыцьцё. Нарадзіўся ён у Казахстане. Але ў школу пайшоў у Беларусі, вывучыўся, ажаніўся, меў сваю невялікую справу як індывідуальны прадпрымальнік. Грамадзянства не займеў, жыў тут па відзе на жыхарства.
«У траўні вырашыў хоць нешта зрабіць для таго, каб у маім жыцьці і жыцьці іншых беларусаў адбыліся зьмены. Зьбіраў подпісы ў Карэлічах і Наваградку, стварыў чаты — спачатку ў Viber, потым у Telegram. Першы раз мяне затрымалі яшчэ ў ліпені ў Наваградку на мірнай акцыі. Тады атрымаў штраф. Потым пачаўся ціск з боку нашай міліцыі. Мне пагражалі дэпартацыяй, арыштам. Настойвалі, каб спыніў сваю дзейнасьць», — расказвае Аляксандар.
У Карэлічах, паводле словаў уцекача, на збор подпісаў прыходзілі і 300, і 500 чалавек. Пасьля выбараў былі тут і мірныя акцыі, і жаночыя — «усё як у людзей». Але калі пратэстоўцаў пачалі лавіць, штрафаваць, караць суткамі — актыўнасьць згасла. «Бо гэта невялікі райцэнтар, у нас невялікія заробкі, людзі баяцца, канечне, тую ж працу страціць. Маёй жонцы таксама давалі штраф за здымак з акцыі», — кажа Аляксандар.
Другое затрыманьне адбылося яшчэ да выбараў — 6 жніўня. Аляксандар атрымаў арышт на 12 сутак. Тым часам у яго дома прайшоў вобшук. Міліцыя забрала тэхніку, тэлефоны. «Ціснулі на сям’ю, жонку дапытвалі па 12 гадзін, цешчы далі штраф — бо яна сварылася зь міліцыянтамі, спрабавала выгнаць іх з кватэры. Яе выводзілі потым у наручніках», — кажа Аляксандар.
Галосна ён больш ня браў удзелу ў акцыях, але міліцыю гэта не спыніла. У канцы кастрычніка яго дапытвалі ў Сьледчым камітэце наконт вядзеньня чатаў у Telegram як сьведку.
«Іх цікавілі мае магчымыя знаёмствы з палітычнымі блогерамі, тым самым Ціханоўскім, і ці плаціў мне хто грошы…»
Калі ўручылі позву ў міліцыю бяз дай прычыны і зноў пачаліся размовы пра магчымую дэпартацыю — Аляксандар вырашыў уцякаць.
У лістападзе ён нелегальна перайшоў мяжу з Расеі ва Ўкраіну і папрасіў палітычнага прытулку. Так трапіў у закрыты лягер для бежанцаў. Суд пастанавіў, што там Аляксандар прабудзе шэсьць месяцаў, пакуль міграцыйныя ўлады ня вырашаць яго лёс. Калі не пасьпеюць — то тэрмін будзе працягнуты яшчэ на шэсьць месяцаў.
«Больш за ўсё перажываю за жонку і дзяцей… Сам я зьехаў, а растэрміноўкі, камунальныя, розныя аплаты нікуды ня дзеліся. Усё ж я прыносіў асноўны прыбытак. Але арышт ці дэпартацыя — таксама ня выйсьце. Міліцыянты і пасьля маіх уцёкаў прыходзілі на працу да жонкі, распытвалі пра мяне. Гэта, мякка кажучы, непрыемна», — кажа ўцякач.
Лягер, паводле Аляксандра, падобны да турмы. Тут высокі плот з калючым дротам, ахова, камэры. Пакідаць тэрыторыю лягера нельга, наведваць уцекачоў — таксама. Асноўны кантынгент лягера — выхадцы з афрыканскіх краін, Сярэдняй Азіі, ёсьць некалькі расейцаў і адзін беларус — Аляксандар.
Жыцьцё ў лягеры жыцьцё падобнае да турэмнага, і харчаваньне таксама. «Хочацца, канечне, на свабоду. Магчыма, адвакаты ці праваабаронцы дапамогуць раней выйсьці зь лягера з даведкай, што я падаўся на ўцекача і магу жыць на тэрыторыі Ўкраіны. Сям’я наўрад ці пераедзе да мяне… Трэба ж за нешта жыць тут, працаваць… Спадзяюся на перамены ў Беларусі», — кажа Аляксандар.
Мурал стварылі спецыяльна для "Музея Лідскага бровара". Убачыць яго можна падчас экскурсіі на піваварню 1876…
Мабільны комплекс радыяцыйнага сканавання купляюць на Беларускую АЭС. Удзельнікам закупкі можа быць юрыдычная або фізічная…
На Фолюшы з'явілася новая прапанова — трохпакаёвая кватэра ў жоўтых танах з таемным пакоем. Жыллё…
З аўкцыёну ў Гродне прадаюць мікрааўтобус Volkswagen Transporter. Ён належыць актывісту Ежы Грыгенча, завочна асуджанаму…
Блогерка пад нікам Tomchikcerberejus паказала хлеб, які яе дзіця купіла ў адной з гродзенскіх крам.…
З 15 траўня па 1 чэрвеня ў Гродне пройдзе Gastrofest. Паспрабаваць сэты ў кавярнях і…