У Гродне распачата яшчэ адна крымінальная справа. Яна скіравана супраць гродзенкі Таццяны Кашко паводле артыкулу 369 КК Рэспублікі Беларусь — знявага прадстаўніка ўлады.
Таццяну Кашко вінавацяць у тым, што ў адным з тэлеграм-каналаў яна сваім допісам абразіла аднаго з міліцыянтаў. Кашко адмовілася ад паслуг дзяржаўнага адваката і адмовілася даваць паказанні па справе зыходзячы з артыкулу 27 Канстытуцыі. Да ўсяго прадстаўнікі следчых органаў не валодаюць беларускай мовай і не маглі звяртацца да яе па-беларуску, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна».
Таццяна Кашко перад Новым годам, 30 снежня, пайшла ў Ленінскі РАУС забраць свой новы пашпарт. Але пашпарт ёй не аддалі, а супрацоўнікі ўстановы выклікалі міліцыю, якая знаходзіцца фактычна ў тым жа будынку па вуліцы Дубко. Міліцыянты правялі ператрус па месцы жыхарства Таццяны Кашко, забралі кампутар і мабільны тэлефон. Затрыманне аформілі 31 снежня. Таццяну пратрымалі 72 гадзіны, так што Новы год жанчына сустрэла ў ізалятары. Пасля трох сутак зняволення, 3 студзеня, Кашко адпусцілі. Зараз яна застаецца ў статусе падазраванай.
Паводле артыкулу 369 Таццяне Кашко пагражаюць грамадскія працы, альбо штраф, альбо папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, альбо арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.
У канцы лістапада 2020 года паведамлялі, што агулам за год паводле артыкула 369 КК «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў» у Гродзенскай вобласці распачата больш за дваццаць крымінальных спраў.