Калядная інсталяцыя па матывах казкі «Шчаўкунок» з’явілася ў Цэнтры гарадскога жыцця напярэдадні Новага году. Гэта — фотазона і дэкарацыя для казачных віншаванняў дзяцей, што прыйдуць сюды 28 і 29 снежня. Іх чакаюць сустрэчы з аніматарамі, падарункі і - самы сапраўды калядны настрой.
Новы фармат Беларускай ялінкі
Раней у Цэнтры гарадскога жыцця штогод арганізоўвалі «Беларускія ялінкі». Сёлета, праз эпідэміялагічную сіітуацыю, вырашылі не збіраць усіх разам. Дзеці могуць прыйсці ў Цэнтр 28 ці 29 снежня ад 17 да 20 гадзін.
«Беларуская ялінка і раней была запатрабавана сярод гародзенцаў. Апошнія разы на свята прыходзілі да ста дзяцей. Цяпер вырашылі зрабіць свята напрацягу двух дзён. У любы час аўначанага перыяду дзеці могуць прыйсці да нас каб атрымаць порцыю добрага настрою на ўвесь наступны год», кажа Павал Мажэйка.
Свята ў правільных колерах
Казачнымі героямі калядных віншаванняў стануць акторы-аніматары. А канцэпцыю дэкарацый распрацавалі мастак Аляксандр Балдакоў і дызайнерка Ірына Варкулевіч. Адна з ідэй афармлення — свята ў правільных колерах — для падтрымання ўрачыстага святочнага настрою.
«Вырашылі зрабіць тут не проста сустрэчу з Дзедад Марозам, але стварыць сапраўдны дух Калядаў, атмасферу „жыцця пад елкай“. Тут Шчаўкунок, Пацучыны кароль з сям’ю галовамі, дзяўчынка, каторая яго перамагла і - пернікавыя домікі ды салодкія падарункі», — расказала Ірына Варкулевіч.
Падарункі за вершы і песні
Традыцыйна удзельнікі ўрачыстасцяў атрымаюць падарункі. Сёлета іх падрыхтавалі Цэнтр гарадскога жыцця, крама «Адметнасць», медыя Hrodna.life, суполка Мова Нанова, іншыя інстытуцыі і асобы. «Гэта будуць салодкія, смачныя і запамінальныя падарункі», — кажа Павал Мажэйка.
У астатні час можна прыйсці ў Цэнтр гарадскога жыцця, каб зрабіць фотаздымкі ў святочнай фотазоне і пабачыць выставу «Калядныя конікі» мастачкі Валянціны Шоба.
Калядныя конікі - таксама «Пагоня». У Гродне адкрылі навагоднюю выставу Валянціны Шоба