Лукашэнка паабяцаў галоўным прынцыпам вакцынацыі ад каранавіруса ў Беларусі зрабіць добраахвотнасць, піша БелТА. Таксама ён растлумачыў, што ў краіне плануецца выкарыстоўваць для вакцынацыі некалькі прэпаратаў розных вытворцаў – “у залежнасці ад таго, як дамовімся”.

“Мы плануем (прышчапіць – заўв. БелТА) 1,2 млн. А колькі будзе, залежыць ад вас. Можа, і два мільёны. Залежыць ад таго, як людзі пойдуць на гэта. Хочуць вакцынавацца – калі ласка, мы дамо магчымасць. Прытым плануем выбар вакцын”, – растлумачыў Лукашэнка.

Раней за ўсё пачнуць прышчапляць расійскай вакцынай, якую Беларусь плануе закупіць, а таксама вырабляць на мясцовых прадпрыемствах. “Каб не было крытыкі з вашага боку, – заўважыў Лукашэнка. – І ніхто ж не ведае, якая лепш на сёння вакцына. Мы плануем 5-6 вакцын. У залежнасці ад таго, як дамовімся. Зараз гэта вялікі дэфіцыт”.

Чытайце таксама: «Мы говорим о рисках, и мы напугали население». Что стоит знать о вакцинах от COVID-19

Вакцынацыя беларусаў ад каранавіруса з дапамогай расійскай вакцыны «Спутник V» пачнецца ў студзені, калі паступіць першая партыя вакцыны, распавёў 21 снежня міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч.

На першым этапе вакцынаваць будуць медыцынскіх работнікаў, настаўнікаў, работнікаў гандлю і іншых сфер, вымушаных у сілу прафесіі кантактаваць з вялікай колькасцю людзей. Вакцыну яны атрымаюць бясплатна.