Пры ўмове адсутнасці новых шокаў эканоміку Беларусі ў 2021 годзе чакае анемичный рост на ўзроўні каля 1%. Да такой высновы прыйшлі эксперты Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага «Сбербанка» ў выніковым аглядзе 2020 года, піша «БелаПАН».
Аналітыкі адзначаюць, што Беларусь, у адрозненне ад астатніх краін, у 2020 годзе сутыкнулася і з эканамічным, і палітычным шокам.
Эксперты нагадалі, што ад хуткасці аднаўлення сусветнай эканомікі ад наступстваў пандэміі будуць залежаць аб’ёмы экспарту.
Таксама на думку экспертаў, ступень палітычнай напружанасці таксама вызначыць жорсткасць палітыкі Нацыянальнага банка Беларусі, рост ці падзенне беларускага рубля і інфляцыю.
Яшчэ адным вызначальным фактарам будуць адносіны з Расіяй як з асноўным гандлёвым партнёрам. Масква падтрымлівае Беларусь і праз крэдыты, інвестыцыі, энергетычную субсідыю. Узмацненне напружанасці паміж краінамі можа адкласці аднаўленне Беларусі пасля крызісу на невядомы час, лічаць аналітыкі.
Падтрымка дзяржпрадпрыемстваў небяспечная
Таксама эксперты лічаць небяспечнай для Беларусі дыскусію аб аднаўленні эмісійнага дырэктыўнага крэдытавання дзяржпрадпрыемстваў. Такая палітыка можа прывесці да паўтору гіперінфляцыі і падзення рубля, як у 2011−2012 гадах. Стаўка на неэфектыўны і маштабны дзяржсектар назапашвае ў эканоміцы дысбаланс, які можа прывесці да цяжкіх наступстваў, пішуць у аглядзе.
У сваім базавым прагнозе на 2021 год эксперты Цэнтра макраэканамічных даследаванняў закладваюць паступовае аднаўленне сусветнай эканомікі, паслабленне палітычнай напружанасці, захаванне падтрымкі Расіі і адмову ад эмісійнай падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў.
«У гэтых умовах, якія прадугледжваюць адсутнасць новых шокаў, Беларусь чакае анэмічны рост каля 1%», — гаворыцца ў аглядзе.