Дзяржаўнымі ўзнагародамі ўганараваныя 90 прадстаўнікоў розных сфераў дзейнасці, сярод іх — ігумення Гаўрыіла з Гродна. Адпаведныя ўказ і распараджэнне падпісаў Аляксандр Лукашэнка, піша БелТА.
Ігуменню гродзенскага Свята-раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра Марыю Глухаву (Гаўрылу) узнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны. Медаль Францыска Скарыны атрымаў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый (Мікалай Апалька).
Таксама Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб аб’яўленні Падзякі 47 прадстаўнікам розных сфераў дзейнасці.
— Усё гэта, вядома, трэба яшчэ перажыць. Я, вядома, рада, што мяне ўзнагародзілі ордэнам, але ні ў якім выпадку не заганарылася дадзеных фактам. У першую чаргу, я — манашка, і сціпла выконваю ўскладзенае на мяне служэнне. Мне ўручалі медаль Францыска Скарыны ў мінулым годзе. І вось ўзнагароджваюць працаўнікоў, людзей, якія шмат чаго дасягнулі… Я сяджу, назіраю за імі і разумею: вось яны цяжка працуюць. Напрыклад, у палях збіраюць увесь гэты вялікі ўраджай і, знайшоўшы вольны час у сваім цяжкім жыцці, едуць у сталіцу на ўзнагароджанне. І я, манашка, якая нясе сваю паслухмянасць. Я тады адчула сваю мізэрнасць у параўнанні з гэтымі людзьмі, але, напэўна, мяне ўсё ж заўважылі і ацанілі і маю працу таксама, — цытуе матушку Гаўрыілу T*T.BY.
Яна кажа, што аб узнагароджанні ёй паведамілі яшчэ ў аўторак, а 23 снежня на пошту манастыра прыйшоў тэкст указа. Цырымонія ўручэння ўзнагарод пройдзе ў Мінску на наступным тыдні.
Ігумення Гаўрыіла (Глухава) стала вядомая на ўсю Беларусь пасля яе выступу на праўладным жаночым форуме ў Мінску 17 верасня. Са сцэны яна назвала беларускіх пратэстоўцаў вар’ятамі і «раз'юшаным статкам», параўнаўшы іх з сектантамі. Пасля наведвання Гродна Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам ігумення прабачылася перад усімі, каго абразіў або закрануў яе выступ.
10 лістапада ігумення Гаўрыіла наведала УУС Гродзенскага аблвыканкама. Матушка прынесла сілавікам тарты і пірагі, і падзякавала ім за службу.
Ордэн Францыска Скарыны — дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь. Ён заснаваны ў 1995 годзе і прысуджаецца за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаванні гісторыі Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветніцкай дзейнасці, прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа. Таксама яго ўручаюць за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, у справе абароны чалавечай годнасці, правоў грамадзян і міласэрнасць.