Пенсіянерка Алена з Гродна да выбараў 2020 года не цікавілася палітыкай. У жніўні яна пазнаёмілася з гісторыяй БЧБ-сцяга, а пасля заявы Лукашэнкі пра «фашызм», вырашыла зрабіць нашыўкі з ягоным партрэтам на фоне нацыянальнай сімволікі.

«Я ненавіджу хлусню. Лукашэнка заяўляў, што няма яго фатаграфій з гэтым сцягам. Пасля яго інтэрв'ю ў інтэрнэце сталі актыўна выкладваць яго здымкі з нацыянальнай сімволікай. Мне адзін спадабаўся і я вырашыла зрабіць з яго тканкавую нашыўку на куртку».

У сваёй куртцы з нашыўкай Алена з гонарам ходзіць па вуліцах Гродна ўжо некалькі дзён. Кажа, мінакі падыходзяць і паказваюць палец уверх. Сама яна не супраць, каб яе фатаграфавалі. Міліцыя жанчыну не спыняе.

«Я ненавіджу хлусню». Гродзенка нагадала Лукашэнку, пад якім сцягам ён прымаў прысягу
Гродзенка Алена і яе куртка з нашыўкай. Фота: Алена Кавальчук

Алена супраць гвалту і ёй не падабаецца, што зараз адбываецца з беларускім народам.

«Лукашэнка ж сам казаў, калі людзі будуць супраць, ён сыдзе — трымацца сінімі пальцамі за ўладу не будзе. А што адбываецца? Колькі людзей ужо пасадзілі і збілі. Мой сын і нявестка таксама атрымалі штрафы за тое, што знаходзіліся не ў той час і не ў тым месцы».

Што сказаў Лукашэнка?

20 лістапада Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра БЧБ-сцяг і сказаў, што ачысціць грамадства ад «фашысцкай сімволікі».

«Гэта фашысцкая сімволіка. Хто ўнёс гэтае пытанне на рэферэндум? Ваш пакорны слуга. Калі ў нас былі БЧБ-шныя сцягі, якія ў нас нацыяналісты праціснулі, я катэгарычна супраць пярэчыў. Ну, абралі, я стаў прэзідэнтам, імгненна унёс вам на рэферэндум: вырашыце — вось адна сімволіка, вось другая, — якую абераце, такая будзе.
Пераважная большасць падтрымала цяперашнюю дзяржаўную сімволіку. Якія да мяне пытанні? І потым, Лукашэнкі партрэтаў пад БЧБ-сцягамі не было, а фашыстаў, Гітлера — былі».

«Я ненавіджу хлусню». Гродзенка нагадала Лукашэнку, пад якім сцягам ён прымаў прысягу
Прысяга Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Фота: Sputnik / Ю. Іваноў

Лукашэнка дадаў, што не мае намеру цярпець «гэтую фашысцкую сімволіку ў Мінску».

«Мы прыбяром гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства. Зробім гэта прыгожа і перш за ўсё растлумачваючы, убіваючы ў галаву людзям, што гэта нельга рабіць».

Чытайце таксама:

Адкуль узяўся бел-чырвона-белы сцяг

Меркавана сцяг быў створаны ў 1917 годзе як сімвал беларускага нацыянальнага руху. Лічыцца, што аўтарам эскіза быў архітэктар Клаўдзій Дуж-Душэўскі. У 1918 годзе бел-чырвона-белы стаў сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падчас Другой сусветнай вайны сцяг некаторы час выкарыстоўваўся на тэрыторыі Беларусі арганізацыямі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з гітлераўцамі. У час вайны калабаранты з многіх краін Еўропы выкарыстоўвалі свае нацыянальныя сцягі.

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 19 верасня 1991 года зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг як дзяржаўны сімвал. Пры гэтым сцягу Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам і прымаў прысягу. У 1995 годзе ён ініцыяваў рэферэндум па замене нацыянальнай сімволікі. У выніку рэферэндуму з’явілася існая сёння дзяржаўная сімволіка,
заснаваная на савецкім сцягу і гербе.