Суседзі ў Ваўкавыску пабіліся пасьля дазволенага мітынгу. Мужа і жонку, якія хадзілі на пратэсты, судзяць за гвалт над міліцыянтам. Суд Ваўкавыскага раёну пачаў разглядаць справу 19 лістапада, піша «Радыё С**бода».
Пабіліся пасьля словаў пра фашызм
Падзеі, якія разглядаюць у судзе, адбыліся ўвечары 15 жніўня ў прыватным сэктары Ваўкавыску. Удзельнікамі канфлікту сталі дзьве сям'і суседзяў, што жывуць праз дарогу. Сужэнцы Алег і Анастасія Фаміны вярнуліся тады дахаты з дазволенай пратэставай акцыі. Праз дарогу суседзі Івановы сабраліся вялікай кампаніяй на юбілей бацькі. Алег Фамін з акна ўбачыў міліцыянта Вячаслава Іванова, які гасьцяваў у бацькоў. Фамін выйшаў з дому, падышоў да суседзяў і сказаў нешта пра фашызм. Пасьля гэтага паміж двума мужчынамі завязалася бойка. На гвалт прыбеглі сваякі з абодвух бакоў і іншыя суседзі.
Урэшце пацярпелым аказаўся міліцыянт Вячаслаў Іваноў. Абвінавачаныя — сужэнцы Алег і Анастасія Фаміны. Алег з таго дня пад вартай, цяпер ён у СІЗА ў Горадні. Паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Пацярпеламу Вячаславу Іванову 33 гады. Працуе ў Ваўкавыскім РАУС старшым інспэктарам прафіляктыкі. Мае юрыдычную адукацыю. Жанаты, ёсьць сын.
Абвінавачанаму Алегу Фаміну 46 гадоў, ён трэнэр па футболе, прадпрымальнік. 37-гадовая Анастасія Фаміна — вэтэрынар па адукацыі, працавала мікрабіёлягам на буйным прадпрыемстве, нядаўна занялася фрызурамі для сабак. У сям'і расьце 10-гадовая дачка.
На суд прыйшла поўная заля
На суд сабралася поўная (з улікам «каранавіруснай» рассадкі) заля, сваякі з абодвух бакоў і проста жыхары гораду, каб падтрымаць фігурантаў. Алег Фамін быў у шкляной клетцы, побач зь ім ляжалі некалькі стосаў папер, імаверна, па матэрыялах справы. Яму было кепска чуваць, таму ён увесь час падыходзіў да шчылін у клетцы і выстаўляў вуха або твар, каб лепей чуць, пра што гаворка. Побач зь ім на першай лаве ў залі сядзеў пацярпелы Вячаслаў Іваноў. Адвакатаў маюць толькі Фаміны.
Справу разглядае судзьдзя Мікалай Талашка.
Маці Алега Ганна Іванаўна амаль усё паседжаньне плакала, уздыхала і ўслых паўтарала, што гэта хлусьня. «Бессаромная ты, Каця», сказала яна суседцы, якая праходзіць сьведкай па справе. Судзьдзя некалькі разоў перарываўся на прамовы наконт паводзінаў у судзе. У перапынках некаторыя прадстаўнікі дзьвюх сем’яў працягвалі гаварыць паміж сабой і абмяркоўваць канфлікт як добрыя знаёмыя. Сем'і застаюцца суседзямі. Усе бакі сыходзіліся на тым, што раней яны жылі бяз спрэчак, але і безь сяброўства: «Прывітаньне», «Пакуль».
Афіцыйная вэрсія
Паводле дзяржаўнага абвінавачваньня, Фаміны «дзейнічалі ў групе» і пабілі Іванова «праз помсту за выкананьне службовай дзейнасьці», а таксама каб «перашкодзіць законнай дзейнасьці супрацоўніка ўнутраных органаў». Як вынікае з матэрыялаў справы, Іваноў меўся забясьпечваць грамадзкі правапарадак, выяўляць і затрымліваць грамадзянаў, якія прымаюць удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах у пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля іх.
Па афіцыйнай вэрсіі, Алег Фамін штурхнуў Іванова і ўдарыў яго ня менш як 8 разоў па галаве і целе, а таксама браў таго ва ўдушальны прыём. Анастасія Фаміна, паводле дзяржабвінавачваньня, вырвала з плота драўляную штыкеціну і біла ёй Іванова, а таксама наносіла ўдары рукой і невядомым прадметам па галаве і целе, усяго ня менш за 9 разоў. У выніку, па дакумэнтах, Іваноў атрымаў закрытую ЧМТ, страсеньне мозгу, пашкоджаньне вуха, ранкі і сінякі на целе, «што выклікала кароткатэрміновае парушэньне здароўя». Якія пашкоджаньні атрымаў Фамін, у абвінавачваньні не гаворыцца.
Ні Фамін, ні Фаміна сваёй віны не прызналі.
Вэрсія абвінавачанага Фаміна
Алег Фамін расказаў, што 15 жніўня вярнуўся дахаты з дазволенага мітынгу. Яны з жонкай селі вячэраць. Праз акно свайго дома ён убачыў на вуліцы Вячаслава і ягоных бацькоў, таму вырашыў працягнуць акцыю і расказаць суседзям, што яны таксама могуць прыняць у ёй удзел. Ён выйшаў на вуліцу ў адных шортах, басанож, перайшоў дарогу каля свайго дому не па пешаходным пераходзе, падышоў да дому Івановых, некалькі разоў выгукнуў «Жыве Беларусь!» і крытычна выказаўся пра сілавыя структуры. У адказ ад маці міліцыянта пачуў словы: «Падонак, падонак, падонак».
Пасьля гэтага Фамін, зь ягоных паказаньняў, разьвярнуўся і пайшоў дахаты. Аднак Іваноў затрымаў яго за плячо і ўдарыў кулаком у нос. Пайшла кроў, пасыпаліся «зорачкі» з вачэй. Сам Фамін адляцеў на праезную частку. Ён вярнуўся да Іванова, пасьля гэтага мужчыны пачалі біць адзін аднаго. Іваноў схапіў Фаміна за шыю ва ўдушальны прыём, прыгнуў яго на 90 градусаў і працягваў біць. Потым Фамін пачуў голас невядомага чалавека: «Дай я!» і адчуў моцны ўдар па паясьніцы. Ён схапіўся за плот, каб абараніць сьпіну. На яго думку, яго працягвалі біць ужо іншыя некалькі чалавек. У нейкі момант яны падаліся разам наперад, і плот зламаўся. Сваёй жонкі падчас бойкі Фамін амаль ня бачыў. Кажа, тая спрабавала адцягнуць яго за руку.
Фамін прызнаўся, што напярэдадні падыходзіў да бацькоў Вячаслава Іванова і казаў ім, што іхні сын фашыст. Прапанаваў зьвяртацца да яго па дапамогу, калі Вячаслаў будзе іх крыўдзіць. Сказаў так, бо бачыў, як Іваноў раней біў дзяўчат на пратэставых мітынгах. Абвінавачаны ўспомніў, як Іваноў падчас аднаго зь мітынгаў падышоў да яго і сказаў: «Навошта вы ў Ваўкавыску ходзіце? Едзьце ў Менск, там хадзіце на акцыі».
Пасьля затрыманьня, па словах Фаміна, ён стаяў у РАУСе на каленях, з носа лілася «крывішча», яму не аказвалі мэдычнай дапамогі.
Вэрсія абвінавачанай Фаміной: «Плот не чапала»
Паводле Анастасіі Фаміной, муж за вячэрай убачыў праз вакно Іванова і са словамі: «Пайду скажу, што ён фашыст», выйшаў з хаты. Яна выйшла амаль адразу сьледам за ім, убачыла бойку, якую ня ведае, хто пачаў. Спачатку ня ўмешвалася ў канфлікт. Сказала жонцы Іванова, каб і тая ня лезла, бо і ёй «прыляціць». Аднак калі ўбачыла, што ў мужа цячэ кроў і што ён ужо хрыпіць, некалькі разоў далоньню ўдарыла Іванова па сьпіне. Потым з двара Івановых вылецелі шмат людзей і працягнулі біць Фаміна, яе саму адпіхнулі далей. Яна чула, як адна са сваячак Іванова сказала ёй тады: «Ты застанесься адна». Анастасія сама крычала: «Адпусьціце яго. Ідзіце ўсе к чорту».
Анастасія аспрэчыла, што ламала плот і біла суседа штыкецінай. Кажа, што нават не дакраналася да плота, а гэтую вэрсію ўпершыню пачула ў РАУС, калі жонка Іванова Кацярына гучна давала паказаньні.
Ад мужа яна раней чула выказваньне пра Івановых, што «яны нарадзілі фашыста». Аднак жанчына кажа, што ўвязалася ў канфлікт не праз помсту за дзейнасьць міліцыянта, а таму, што спужалася за жыцьцё мужа.
«Ці ёсьць у вас пытаньні?» — запытаўся судзьдзя ў Фаміна пасьля аповеду Анастасіі.
«Я толькі скажу, што я люблю жонку сваю», — адказаў Фамін.
Вэрсія пацярпелага міліцыянта: запатрабаваў 2 тысячы рублёў кампэнсацыі
Па вэрсіі Вячаслава Іванова, ён заехаў павіншаваць бацьку. Потым выйшаў з хаты, каб ісьці на працу, яго праводзіла жонка. Неўзабаве ён убачыў, як Фамін хутка ідзе да яго. Той сказаў, што Іваноў фашыст, ягоныя бацькі нарадзілі фашыста, і такіх яны будуць забіваць. Іваноў адказаў, што калі Фамін працягне пагражаць, то ім зоймуцца адпаведныя органы.
Бойку, ну думку Іванова, пачаў Фамін. Потым нібыта схапіў яго за шыю, яны «крыху ўпалі», працягнулі барацьбу на кукішках. Кроў на твары Фаміна, па вэрсіі Іванова, зьявілася, імаверна, калі яны «крыху ўпалі». Да таго ж ён пачуў, як Фамін сказаў сваёй жонцы таксама біць Іванова. Пасьля гэтага Іваноў адчуў, нібыта нехта б’е яго нейкім прадметам, а не рукой. Потым у яго аказалася парваным вуха. Ён вырашыў, што гэта ад цьвіка на штыкеціне з плота.
Адвакаткі зьвярнулі ўвагу на шмат супярэчнасьцяў у першапачатковых паказаньнях Іванова і ягоных адказах на судзе. На паўторныя пытаньні, ці душыў яго Фамін, Іваноў даваў розныя адказы цягам допыту.
«Я зь дзявятага [жніўня] быў у групе інфармаваньня, быў рупар і палка. Пры чым тут фашыст? У мяне не было касак, бронекамізэлек. Я нікога не затрымліваў», — патлумачыў Іваноў.
Ён прызнаўся, што не пасьпеў азнаёміцца са справай, не было часу праз працу, «нават заключэньне экспэртызы да канца не дачытаў».
Суд высьветліў, што Іваноў вучыўся завочна як міліцыянт. На працы ён пэрыядычна здае нарматывы па фізычнай падрыхтоўцы, знаёміўся «толькі з азамі» рукапашнага бою.
«Я правільна вас разумею, што Фамін засьпеў вас зьнянацку і вы не змаглі даць яму адпор?», — адвакатка Фаміна спрабавала высьветліць, ці валодае Іваноў прыёмамі нэўтралізацыі злачынцаў.
«Я проста не чакаў такой агрэсіі», — адказаў Іваноў.
Ён заявіў у дачыненьні да Фаміна грамадзянскі пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды памерам 2 тысячы рублёў.
«Маё дзіця дагэтуль кажа: «Тата, не хадзі на вуліцу адзін», — расказаў пра свае маральныя пакуты Іваноў.
Вэрсія жонкі міліцыянта Іванова: «Мы вас усіх будзем забіваць»
Па вэрсіі Кацярыны Івановай, жонкі пацярпелага міліцыянта, Фамін падышоў да іх у той вечар і сказаў: «Ты фашыст, бацькі фашысты. Мы вас усіх будзем забіваць». Большасьці падзей Іванова ня памятала або ня бачыла, хоць падчас бойкі знаходзілася побач, за выключэньнем таго моманту, калі пабегла ў дом клікаць сваякоў.