12 лістапада некалькі жыхароў Ваўкавыска выйшлі на акцыю памяці загінулага ў Мінску Рамана Бандарэнкі. Дзевяць з іх затрымалі на трое сутак — да суда ў панядзелак. 13 лістапада прайшла паніхіда па Раману Бандарэнка ў ваўкавыскім храме.
Гараджане сабраліся ў ланцуг салідарнасьці каля 21:30 у чацвер, 12 лістапада каля крамы «Універсам» у адным з мікрараёнаў Ваўкавыска. Людзі стаялі са свечкамі і ліхтарыкамі. Ніякай сімволікі, па словах знаёмай затрыманых, у іх не было. У дзвюх дзяўчат былі ў руках парасоны. Яны змаглі прабыць там паўгадзіны, потым прыехала міліцыя і затрымала дзевяць з тых, хто прыйшоў, распавяла жыхарка Ваўкавыска. Некаторым удалося сысці.

Супрацоўнікі міліцыі спачатку сказалі, што затрымліваюць тых, хто сабраўся, для праверкі асобы, распавяла Hrodna.life жыхарка Ваўкавыска, знаёмая з затрыманымі. Максімальны законны тэрмін для выяўлення асобы — 3 гадзіны. Пазней у міліцыі ўдакладнілі, што затрыманыя застануцца ў РАУС да панядзелка, 16 лістапада. Ім інкрымінуюць артыкул 23.34 КаАП (удзел ў несанкцыянаваным мерапрыемстве).
13 лістапада блізкія затрыманых спрабавалі перадаць ім прадукты і неабходныя рэчы, але іх не прынялі. Па словах жыхаркі Ваўкавыска, узялі толькі сродкі гігіены, а ежу, па яе дадзеных, забараніў браць начальнік РАУС.
У Ваўкавыскім РАУС на званкі Hrodna.life не адказалі. У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама сказалі, што афіцыйная інфармацыя будзе не раней за панядзелак.
Паніхіда абышлася без затрыманняў
Таксама ўвечары 13 лістапада ў ваўкавыскім саборы Пятра і Паўла адслужылі паніхіду па загінулым Раману Бандарэнка. «Абышлося без затрыманняў. Перад самай панихидой адзін вернік сказаў, што многія людзі стаяць на вуліцы і пабойваюцца заходзіць», — распавёў Hrodna.life святар Аляксандр Богдан. Па яго словах, прыйшло дастаткова шмат людзей. «Хацелі нават з кветкамі прыйсці, каб потым каля храма на вуліцы зрабіць мемарыял з лампадамі. Але, як сказала адна парафіянка, з кветкамі ісці пабаяліся».
14 лістапада гараджане наведалі помнік ахвярам фашызму.

Чытайце таксама: Панихида и цепи солидарности. Как Гродно скорбит по Роману Бондаренко