Над ўваходнай брамай Старога замка размясцілі герб Рэчы Паспалітай, афармляюць уваход у замкавую капліцу. Якія працы па першай чарзе рэканструкцыі цяпер ідуць у гродзенскім замку, расказала ў Facebook кіраўнічка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
У замку працягваюцца работы па першай чарзе рэканструкцыі. Ідзе ўстаноўка каменных элементаў як звонку, так і ўнутры.
На ўваходнай браме з’явіўся аб’ёмны герб Рэчы Паспалітай з выявамі польскага арла і «Пагоні» Вялікага Княства Літоўскага. «Шмат было абмеркаванняў, у тым ліку і ў гэтай групе», — удакладніла Алена Клімовіч у суполцы Facebook «Стары замак — Гродна», прысвечанай рэканструкцыі замка.
Унутры афармляюць уваходны партал у капліцу. Пазней вокны ў ёй замененяць на вітражы.
Таксама вядуцца працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. У двары замка захаваецца маставая XV-XVI стагоддзяў.
Гісторыка-архітэктурны музей рыхтуе матэрыялы для будучай экспазіцыі ў адрэстаўраваных памяшканнях.
Працы на Старым замку пачаліся з 2017 года. Зараз рэканструкцыя выканана на 18%, паведамлялі раней на «Гродно Плюс». Асноўны ўпор робіцца на аздабленне. Амаль скончаныя працы па кладцы падлог, тынкоўцы і правядзенні лініі ўнутранай сувязі. Да другой чаргі рэканструкцыі плануюць прыступіць з новага года.
К кастрычніку рэалізацыя першай чаргі рэканструкцыі Старога замка атрымала дыплом першай ступені на конкурсе Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА) у Тбілісі.
Праект рэканструкцыі замка ў Гродне і недакладнасці, якія з’яўляюцца падчас яго рэалізацыі, выклікаюць шмат спрэчак у адмыслоўцаў гісторыкаў і архітэктараў.