У Гродне ўпершыню пачалі праводзіць імерсіўныя экскурсіі. Гід у вобразе чараўніка правядзе ўдзельнікаў па горадзе, а голас у наушніках раскрые гісторыю Гродна праз гарадскія легенды. Так плануюць зацікавіць тых, хто не любіць падрабязныя экскурсіі і лічыць іх нуднымі — за час тура па горадзе не прагучыць ніводнай даты, акрамя года заснавання горада.
Канцэпцыя экскурсіі «Таямніцы горада» заключаецца ў раскрыцці гісторыі каралеўскага горада праз легенды і таямніцы. Сіці-тур доўжыцца каля 70 хвілін у вячэрні час. Гэта пешая прагулка ў гістарычнай частцы горада. Экскурсія праходзіць у аўдыёфармаце з элементамі анімацыі і чараўніцтва. Праект прызначаны як для дарослых, так і для дзяцей ад 10 гадоў.

Імерсіўны тэатралізаваны тур не мае аналагаў у Беларусі і праходзіць упершыню. Падобныя экскурсіі ёсць у Германіі, Іспаніі, Украіне і двух гарадах Расіі. Ва Украіне стваральнікі «Таямніц горада» і падгледзелі ідэю, распавёў Hrodna.life адзін з заснавальнікаў Цэнтра глабальнага турызму Андрэй Філіпоўскі. Чатыры месяцы ў архівах, кнігах гісторыкаў, ад экскурсаводаў збіралі гарадскія легенды. Адбіралі самыя цікавыя легенды і на іх аснове фармавалі маршрут. Ад гродзенскіх гісторыкаў на экскурсію нараканняў не было, распавёў Андрэй Філіпоўскі Hrodna.life.

— Экскурсія не для прыезджых, а для саміх гродзенцаў. Мы столькі ходзім па горадзе і так шмат чаго не ведаем. Ніхто не любіць экскурсіі, таму што іх лічаць нуднымі. Менавіта праз гэта фармат мы ўключаем людзей, — распавёў Андрэй Філіпоўскі Hrodna.life.
У планах — рабіць хорар-экскурсіі для дарослых.

Экскурсіі будуць праводзіць штотыднёва па выхадных днях. Кошт — 35 рублёў для дарослага, 25 — для дзяцей. У групах ад трох чалавек кошт для дарослага складзе 30 рублёў. Група ўключае да 15 чалавек.
Кантакты: +375 29 280 21 22 / +375 152 61 02 02. Instagram: @tajny.goroda, электронная пошта — [email protected].