На лістападаўскім аўкцыёне камітэт «Гроднааблмаёмасць» паспрабуе знайсці новых уласнікаў для цэлага шэрагу аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Сярод лотаў - сяміпавярховая недабудаваная гасцініца ў Смаргоні, дом культуры, школа, дзіцячы сад і іншыя пабудовы. Пачатковы кошт усіх пералічаных будынкаў - усяго 27 рублёў, піша realt.by.
Найбольш цікавым лотам на таргах з’яўляецца незавершаны і не закансерваваны сяміпавярховы адміністрацыйны будынак у Смаргоні. Калісьці тут, на паўночна-заходняй ускраіне горада, побач з вёскай Карані, збіраліся ўзвесці філіял Мінскага трактарнага завода. Меркавалася, што на заводзе будуць працаваць больш за 7000 чалавек, а да 2000 году насельніцтва Смаргоні вырасце да 100 тысяч чалавек (цяпер у Смаргоні жыве каля 37 тысяч чалавек).
Аднак у поўным аб’ёме амбіцыйны праект увасобіць не ўдалося. Будаўнікі паспелі ўзвесці ў чыстым полі траціну ад запланаваных цэхаў, а таксама некалькі панэльных дзевяціпавярховых дамоў, школу, універсам і дзіцячы сад. А вось сяміпавярховую гасцініцу на індустрыяльным праспекце — шырокай магістралі, якая звязвае Смаргонь з прамзонай — дабудаваць не паспелі. На памяць аб нязбытных надзеях эпохі 80-х гораду засталася бетонная скрынка, якая стала зонай адпачынку для мясцовых падлеткаў і экстрэмалаў.
Плошча незавершанага будынка ў Смаргоні складае каля 8 тысяч «квадратаў». Тэрмін арэнды зямельнага ўчастка (1,2 га) — 50 гадоў. Новы ўласнік можа выкарыстоўваць зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання вытворчага або адміністрацыйна-дзелавога будынка. Ён зможа рэканструяваць недабудаваны аб’ект альбо знесці яго.
Таксама на аўкцыёне за адну базавую велічыню (27 рублёў) можна будзе набыць будынак Дома культуры ў вёсцы Шутавічы, комплекс аб’ектаў былой школы ў аграгарадку Кушляны, будынак былой кацельні ў аграгарадку Залессе, былую школу ў вёсцы Бялкоўшчына, невыкарыстоўваемы будынак дзіцячага садка ў вёсцы Сыроваткі і трусятнік у вёсцы Расло. Усе аб’екты знаходзяцца ў Смаргонскім раёне.
Аўкцыён па продажы будынкаў пройдзе 16 лістапада.