Вечарам 28 кастрычніка студэнтка 4-га курса факультэта дызайну Маргарыта Шыша не змагла зайсці ў асабісты кабінет на сайце ўніверсітэта. Таксама яна не знайшла свайго прозвішча ў электронных журналах. Такое адбылося упершыню за 4 гады. «Я не зразумела, што адбываецца, - кажа Маргарыта. — Я памятала пра вымовы і прафілактычныя гутаркі. Але тое, што мяне выкінуць адусюль без папярэджання, стала шокам».
Раніцай Маргарыту выклікалі з першай пары і азнаёмілі з загадам аб адлічэнні, датаваным 27 верасня. Копію дакумента даваць не хацелі. Калі Маргарыта адмовілася падпісваць загад, далі на рукі выпіску (дакумент ёсць у рэдакцыі Hrodna.life). Астатнія дакументы паабяцалі аддаць заўтра.
У спісах больш не значыцца
Маргарыта вучылася на бюджэце, мела сярэдні бал за мінулы семестр 9,4 і атрымлівала падвышаную стыпендыю. Абраная спецыяльнасць была звязаная з дызайнам адзення. Маргарыта некалькі разоў удзельнічала ў конкурсах «Мельніца моды», распісвала адзенне для сябровак, рабіла сувеніры і паштоўкі для студэнцкіх мерапрыемстваў. «Зараз атрымліваецца, што такія студэнты ўніверсітэту не патрэбныя», — кажа яна.
Прычынай адлічэння ў выпісцы з загаду пазначана «сістэматычнае невыкананне абавязкаў навучэнцам Кодэкса аб адукацыі, парушэнні Правілаў унутранага распарадку ўніверсітэта і Дамовы аб падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй за кошт бюджэту, а таксама ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў».
«Спявалі і парушалі цішыню на перапынках»
Супрацьпраўнымі, паводле дакладных запісак дэкана факультэта палічылі выкананне «Купалінкі», «парушэнне цішыні ў час перапынку», тое, што студэнты хадзілі па ўніверсітэце з бел-чырвона-белым сцягам і зрабілі здымкі з карткамі «Усё забаронена».
- У Гродне затрымалі студэнтаў ГрДУ, якія збіраліся спяваць песні
- У Гродне пачаўся ціск на студэнтаў ГрДУ
- «Всё запрещено». У ГрДУ імя Янкі Купалы зноў выйшлі ў падтрымку рэпрэсаваных студэнтаў
Усе «супрацьпраўныя» дзеянні з удзелам Маргарыты адбыліся пасля 9 жніўня.
«Што вы тут робіце? Навошта вы сюды прыйшлі?» — такія пытанні задавалі студэнтам, што хацелі выказаць сваю пазіцыю. «Пра песні і здымкі адміністрацыя хутка даведалася. А ў адказ на пытанне, чаму ў некаторых карпусах універсітэта няма сталовай, буфетаў ці хаця б аўтамата з кавай, кажуць „мы не ведалі“. 25 гадоў корпусу на Тызенгаўза, а прарэктар Сінько пра гэта не ведае. Гэта як мінімум, дзіўна», — кажа Маргарыта.
«Самае страшнае — сказаць маме»
Зараз дзяўчына кансультуецца з праваабаронцамі аб магчымасцях адскарджвання адлічэння ды іншых варыянтах працягнуць адукацыю. «Сітуацыя цяжкая. Але, у прынцыпе, а была да такога гатова. Зараз самае цяжкае — сказаць бацькам, што я больш не студэнтка».