16 кастрычніка у парафіі Святой Сям'і ў Лідзе развіталіся з ксяндзом канонікам Юзафам Ганьчыцам, які 24 гады быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці — з самага пачатку яе існавання, паведамляе Сatholic.by.
Айцец Юзаф Ганьчыц памёр 13 кастрычніка праз ускладненні, выкліканыя каранавіруснай інфекцыяй. Сёлета яму споўнілася 60 гадоў, таксама мінула 25 гадоў з прыняцця сану. У касцёле, пабудаваным дзякуючы яго намаганням, з ім сабраліся развітацца шматлікія святары, сёстры законныя і вернікі.
Узначаліў пахавальную святую імшу генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які вучыўся са спачылым на адным курсе ў духоўнай семінарыі i ведаў яго на працягу 30 гадоў.
Ушанаваць памяць заўчасна памерлага святара і памаліцца аб вечным жыцці для яго прыбылі генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. У пахаванні таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі праваслаўнай царквы з Ліды.
Чытайце таксама: Больш за два тыдні на ШВЛ: ксёндз з Ашмянаў, які ігнараваў каранавірус, у цяжкім стане
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане 19 кастрычніка ў Беларусі пацверджана 88 290 выпадак каранавіруса (592 за апошнія суткі), ачунялі 80 130 пацыенты, памёрлі 933 чалавекі (4 за апошнія суткі).