Студэнты гродзенскіх універсітэтаў рэканструююць жыццё гета часоў Другой сусветнай вайны ў фармаце мультымедыйнай гісторыі.
У выхадныя 10−11 кастрычніка ў Гродне стартуе міжнародны адукацыйны дыджытал-праект «Вымяраючы гета: Гродна-Чарнаўцы-Кішынёў». У суправаджэнні гісторыкаў і экспертаў інфармацыйных тэхналогіяў удзельнікі будуць вывучаць гісторыю гарадзенскага гета, памяць пра Халакост, сведчанні відавочцаў, каб пасля стварыць уласныя міні-праекты пра жыццё ў гета з дапамогай разнастайных digital інструментаў.
Паралельна ў гэтыя самыя дні такія ж групы студэнтаў збяруцца ва ўкраінскіх Чарнаўцах і малдоўскім Кішынёве. У гэтых гарадах з 1941 да 1945 года таксама існавалі габрэйскія гета. Першапачаткова планавалася, што ўдзельнікі з трох краін прыедуць у Чарнаўцы, аднак з-за эпідэміі каранавіруса семінары пройдуць анлайн: абменьвацца досведам і ідэямі студэнты будуць у Google Meetings.
Вынікі праекта да канца года прадставяць на адмыслова створанай платформе ў выглядзе мапаў, відэа і аўдыя, архіва дакументаў, а таксама ў навучальных установах.
Праект рэалізуюць Інстытут нямецкай культуры і гісторыі Паўднёва-Усходняй Еўропы ўніверсітэта Людвіга Максіміліяна г. Мюнхен, Музей гісторыі і культуры габрэяў Букавіны (Чарнаўцы), Чарнавіцкі нацыянальны ўніверсітэт імя Юрыя Фядзьковіча, Дзяржаўны ўніверсітэта Малдовы (Кішынёў) і ГА «Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў «Трэці Сектар» (Гродна) пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі ў рамках Праграма «Развіцё супрацоўніцтва з грамадзянскімі супольнасцямі ў краінах Усходняга партнёрства і ў Расіі» #CivilSocietyCooperation.
Гродзенцаў запрашаюць на міжнародны адукацыйны дыджытал-праект «Вымяраючы гета»