Фельчар з Ліды, звольнены пасля стрыму Ціханоўскага, працуе ў таксі: «Сказалі, пакуль ўсё не сціхне, назад не возьмуць»

Фельчара лідскай хуткай Паўла Палейчыка звольнілі ў ліпені. Не працягнулі кантракт пасля таго, як на сустрэчы з Ціханоўскім Павел расказаў пра праблемы ў бальніцы і эпідэмію ў горадзе. За той стрым мужчына яшчэ і адседзеў сем сутак, піша nashan**a.by. Як яго сям’я жыве зараз?

Павел пакуль працуе таксістам і вучыцца на катэгорыю С. «Атрымаць правы не пашкодзіць, а там ужо будзе бачна», — кажа ён.

Кідаць медыцыну Палейчык не хоча, але працу па спецыяльнасці ў рэгіёне не знайшоў. Ездзіў уладкоўвацца медбратам у абласную псіханеўралагічную бальніцу «Астроўля», што па Лідай, у Шчучын на хуткую, дзе быццам былі патрэбны работнікі. Але і там, і там адмовілі.

«Я тэлефанаў галоўнаму доктару Лідскай ЦРБ пасля таго, як у Шчучын не ўзялі. Ён сказаў: пакуль не сціхне ўсё, не прыму цябе назад», — дзеліцца фельчар.

Цытуе характарыстыку, якую яму выдалі ў бальніцы. Апроч таго, што Павел зарэкамендаваў сябе як кваліфікаваны спецыяліст і прымаў актыўны ўдзел у спартовым жыцці калектыву, там ёсць такія радкі:

«З кіраўніцтвам станцыі хуткай меддапамогі не знаходзіў узаемаразумення, камунікаваў на роўных, не захоўваў субардынацыю, дазваляў сабе даваць ацэнку прафесійным якасцям асабовых асоб, не карыстаўся аўтарытэтам большасці калег, асабістыя крыўды выносіў на ўсеагульнае абмеркаванне, схільны да супрацьпраўных паводзін».

Яго жонка дагэтуль працуе ў той бальніцы на палову стаўкі рэаніматолагам. Ціску на яе не было.

Ці змянілася штосьці ў раённай бальніцы пасля публічнага выступлення фельчара?

«Далі дзве новыя машыны хуткай, цалкам укамплектаваныя. Але гэта не дзяржава, а прыватнае прадпрыемства „Белтэкс Оптык“. А так усё адно бардак. Абяцалі, што новае КТ паставяць — у выніку вырашылі адрамантаваць старое. Пытанне толькі, як надоўга яго хопіць», — адзначае Павел.

Пасля звальнення Палейчыка беларусы сабралі яму два гадавыя заробкі. Павел не чакаў такой падтрымкі і закрыў краўдфандынг ужо на другі дзень.

Частку з тых 20 тысяч рублёў сям’я пераводзіць на дабрачыннасць — на лячэнне дзяцей і пагашэнне штрафаў лідчанам, затрыманых на мітынгах.

Падчас перадвыбарчай кампаніі фельчар, дарэчы, пазнаёміўся са Святланай Ціханоўскай. Яму патэлефанавалі з яе штаба, калі патрэбна была дапамога ў Мінску на пікеце. Павел пагадзіўся пабыць валанцёрам на выходныя. Кажа, што з Ціханоўскай асабліва не гутарыў, проста сфатаграфаваўся на памяць.

Пасля выбараў Палейчык пабываў у ізалятары.

«Гэта было 11 жніўня. Мяне спынілі тры машыны ДАІ, калі мы ехалі з жонкай з Бярозаўкі ў горад. Спынялі, як бандыта ў кіно — машыну цалкам абшукалі, усё перавярнулі. Далі пяць сутак.

Мяне ніхто не чапаў, але адзін хлопец у камеры быў цалкам сіні. Я з 11-га да 13-га сядзеў, а потым нас раптоўна ўсіх выпусцілі. Пазаўчора хадзіў па даведку ў РАУС, там сказалі, што трэба, каб я дасядзеў тыя трое сутак. Тлумачу ім: ніяк — жонка з кавідам і пнеўманіяй дома, будзем на самаізаляцыі, на мне дзеці, вы што. Адпусцілі: маўляў, калі паправішся, прыходзь з рэчамі".

Паўла чакае таксама суд за удзел у мітынгу 13 верасня.

«У Лідзе ёсць пратэсты, але стала менш людзей выходзіць. Можа, баяцца, — апісвае абстаноўку ў горадзе фельчар. — У мінулую нядзелю чалавек 100 сабралася, але іх разагналі, было шмат міліцыянераў. Тым, каго затрымалі падчас пратэсту, даюць суткі, а каго па відэафіксацыі вылічылі, звычайна штраф».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У святкаванні Дня перамогі задзейнічаюць жывёлін. Удзельнічае і каза з Гродзенскага заапарка

У акцыях на 9 траўня, прысвечаных святкаванню 80-годдзя перамогі, вырашылі задзейнічаць жывёл. Сабаку па мянушцы…

9 мая 2025

Аркі на Савецкай ужо ўпрыгожылі кветкамі - гараджане параўноўваюць вуліцу з «маленькай Галандыяй»

Супрацоўнікі "Гродназелянбуда" ўжо ўпрыгожваюць аркі на Савецкай кветкамі. У сацсетках з'яўляецца ўсё больш відэа з…

9 мая 2025

Над гродзенскім піўзаводам устанавілі флюгер з сімвалічнай датай. Яго аўтар — знакаміты каваль

У траўні на даху комплексу «Бровар Гродна» з'явіўся флюгер. Пры рэстаўрацыі гродзенскага піўзавода інвестару было…

9 мая 2025

Гродзенец знайшоў рэдкія здымкі горада часоў Першай сусветнай вайны

Гродзенскі краязнаўца Аляксандр Перагудаў знайшоў у расійскіх фондах шэраг малавядомых здымкаў Гродна часоў Першай сусветнай…

8 мая 2025

Праўладны Telegram-канал сцвярджае, што ў Гродне няма праблем з бульбай. Гараджане абурыліся

У траўні беларусы сталі актыўна абмяркоўваць знікненне бульбы з паліц у крамах. Звярнулі ўвагу і…

7 мая 2025

У Беларусі скарачаецца насельніцтва, у Гродне і Лідзе — расце

Гарадское і сельскае насельніцтва Беларусі скарачаецца. Згодна з Белстатам, у Гродне і Лідзе сітуацыя выглядае…

7 мая 2025