40-ы сезон пачаўся ў Гродзенскім Тэатры лялек пастаноўкай для дзяцей Валерыя Карышава “Вясёлая ферма”. Бліжэй да заканчэння гарадзенцы ўбачаць спектакль для дарослых «Локіс». Гэта спектакль па п’есе у двух дзеяннях, напісанай Сяргеем Кавалёвым па матывах аднайменнага апавяданьня Праспэра Мэрымэ. Пастаноўка будзе містычнай, глыбокай, з філасофскім падтэкстам, піша grodnonews.by.

– Гаворка пойдзе пра такую з’яву, як лікантропія. Лікантроп – гэта пярэварацень. Былі пярэваратні-ваўкі, а былі і мядзведзі. Усё адбываецца ў напаўзакінутай дваранскай сядзібе ў першай палове XIX стагоддзя. Вядомы прафесар, збіральнік фальклору прыязджае ў Богам забытую глыбінку і сутыкаецца з такой з’явай, як пярэваратні, – распавядае галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда. – Мне здаецца, што глыбінны пошук сваіх каранёў заўсёды цікавы і кажа аб пэўным паспяванні ўнутранай патрэбы ідэнтыфікаваць сябе. У дадзеным выпадку погляд французскага асветніка на нашы гістарычныя рэаліі вельмі цікавы.

Сцімпанк і містыка. Тэатр лялек рыхтуе спектакль для дарослых "Локіс"
Алег Жугжда

Тэкст п’есы ствараўся Сяргеем Кавалёвым спецыяльна для Гродзенскага абласнога тэатра лялек, работа ідзе больш за два гады. Абяцаюць нечаканы і “злёгку шакавальны” фінал.

У майстэрнях тэатра працуюць над сцэнаграфіяй. Спектакль рэжысёр з галоўным мастаком Ларысай Мікінай-Прабадзяк бачаць як лабараторыю, стыль – стымпанк. Нарадзіўся ён з навуковай фантастыкі, а яго містычны характар вельмі ў духу пастаноўкі. Там будзе шмат розных механізмаў, якія ў кожнай новай сцэне будуць працаваць па-новаму і ў новай плоскасці. Тэхнічнасць – адна з рысаў спектакля. Шмат металу, добрыя шматфункцыянальныя касцюмы. Іх плануюць рабіць у тым ліку з скуры. Для вырабу лялек выбралі сілікон – яны будуць крыху нагадваць гуму.

Сцімпанк і містыка. Тэатр лялек рыхтуе спектакль для дарослых "Локіс"

– Галоўнае – тэатр мае намер працягваць працаваць, збіраць гледачоў. Маё асабістае меркаванне: у любыя эпохі ўзрушэнняў і нейкіх зменаў тэатр павінен заставацца тэатрам, – сказаў Алег Жугжда.