40-ы сезон пачаўся ў Гродзенскім Тэатры лялек пастаноўкай для дзяцей Валерыя Карышава «Вясёлая ферма». Бліжэй да заканчэння гарадзенцы ўбачаць спектакль для дарослых «Локіс». Гэта спектакль па п’есе у двух дзеяннях, напісанай Сяргеем Кавалёвым па матывах аднайменнага апавяданьня Праспэра Мэрымэ. Пастаноўка будзе містычнай, глыбокай, з філасофскім падтэкстам, піша grodnonews.by.

 — Гаворка пойдзе пра такую з’яву, як лікантропія. Лікантроп — гэта пярэварацень. Былі пярэваратні-ваўкі, а былі і мядзведзі. Усё адбываецца ў напаўзакінутай дваранскай сядзібе ў першай палове XIX стагоддзя. Вядомы прафесар, збіральнік фальклору прыязджае ў Богам забытую глыбінку і сутыкаецца з такой з’явай, як пярэваратні, — распавядае галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда. — Мне здаецца, што глыбінны пошук сваіх каранёў заўсёды цікавы і кажа аб пэўным паспяванні ўнутранай патрэбы ідэнтыфікаваць сябе. У дадзеным выпадку погляд французскага асветніка на нашы гістарычныя рэаліі вельмі цікавы.

Сцімпанк і містыка. Тэатр лялек рыхтуе спектакль для дарослых "Локіс"
Алег Жугжда

Тэкст п’есы ствараўся Сяргеем Кавалёвым спецыяльна для Гродзенскага абласнога тэатра лялек, работа ідзе больш за два гады. Абяцаюць нечаканы і «злёгку шакавальны» фінал.

У майстэрнях тэатра працуюць над сцэнаграфіяй. Спектакль рэжысёр з галоўным мастаком Ларысай Мікінай-Прабадзяк бачаць як лабараторыю, стыль — стымпанк. Нарадзіўся ён з навуковай фантастыкі, а яго містычны характар вельмі ў духу пастаноўкі. Там будзе шмат розных механізмаў, якія ў кожнай новай сцэне будуць працаваць па-новаму і ў новай плоскасці. Тэхнічнасць — адна з рысаў спектакля. Шмат металу, добрыя шматфункцыянальныя касцюмы. Іх плануюць рабіць у тым ліку з скуры. Для вырабу лялек выбралі сілікон — яны будуць крыху нагадваць гуму.

Сцімпанк і містыка. Тэатр лялек рыхтуе спектакль для дарослых "Локіс"

 — Галоўнае — тэатр мае намер працягваць працаваць, збіраць гледачоў. Маё асабістае меркаванне: у любыя эпохі ўзрушэнняў і нейкіх зменаў тэатр павінен заставацца тэатрам, — сказаў Алег Жугжда.