Усяго ў перыяд з 9 жніўня па 25 верасня на тэрыторыі Гродзенскай вобласці распачата 67 крымінальных спраў, звязаных з пратэстнай актыўнасцю беларусаў. Па 23 крымінальных справах ёсць 52 падазраваных, паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.
З ліку узбуджаных спраў - 3 за арганізацыю і актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Па гэтых справах 31 чалавек (у Лідзе -18, у Гродне -13) знаходзіцца ў статусе падазраваных.
Міліцыя ідэнтыфікавала ўжо каля 500 чалавек, якія ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, прызнаных несанкцыянаванымі. Штодня ўсталёўваюць новых. Усе яны будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Таксама распачата 33 крымінальныя справы па фактах паклёпу, абразы і прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і членаў іх сем’яў.
Паводле інфармацыі ведамства, штотыдзень ад гродзенцаў паступаюць дзясяткі лістоў з падзякай міліцыянтам.
За гвалт з боку сілавікоў завялі адну крымінальную справу
22 верасня на сустрэчы Уладзіміра Караніка з акцёрамі гродзенскага драмтэатра стала вядома, што распачата адна крымінальная справа з нагоды збіцця сілавікамі. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці каментароў пакуль не дае. «Калі будзе неабходнасць і мы не будзем шкодзіць следству, мы будзем зацікаўлены даць каментар», — паведамлялі да гэтага Hrodna.life ў СК.
На 19 жніўня ў Беларусі было зафіксавана больш за 100 зваротаў аб прымяненні гвалту з боку сілавікоў і 15 — да сілавікоў з боку пратэстоўцаў. Праваабаронцы паведамілі пра 200 збітых у Гродне. Па іх словах, толькі кожны трэці звярнуўся са скаргамі, паколькі людзі баяцца пераследу.
Чытайце таксама: