На БЛК гродзенцы ненадоўга заблакавалі дарогу, каля ГЦ «Карона» крычалі «Жыве Беларусь!», а студэнты зладзілі маўклівую акцыю. У розных раёнах Гродна ўвечары 23 верасня прайшлі мірныя акцыі і затрыманні. Каля ГЦ «Карона» журналісты налічылі як мінімум 10 затрыманняў. У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамілі пра 17 затрыманых у вобласці, на 16 чалавек склалі адміністрацыйныя пратаколы.
Гродзенцы збіраліся ўвечары 23 верасня ў розных раёнах горада: ля ГЦ «Карона», каля Гродзенскай абласной філармоніі, на БЛК і Альшанцы. На месцы збору прыязджаў АМАП. Людзі разбягаліся, потым зноў сыходзіліся. Некаторых затрымалі.
Каля ГЦ «Карона» АМАПаўцы ў пошуках пратэстоўцаў заходзілі ў «Піт STOP». Каля 20.00 у кафэ «Burger King», які працуе кругласутачна, паведамілі кліентам аб закрыцці.
Людзей затрымалі і на Альшанцы — чытачы Hrodna.life паведамлялі ўвечары аб трох аўтазаках і мікрааўтобусаў з АМАПам. «Каля „АЛМИ“ выкралі людзей, якія стаялі на пешаходным пераходзе на чырвонае святло. Яны былі без сцягоў…», — напісаў жыхар Альшанкі Hrodna.life.
Жыхары БЛК выйшлі на дарогу і ненадоўга заблакавалі рух. Відэа даслалі ў рэдакцыю Hrodna.life.
Жыхары Фолюша чулі гукі, падобныя на стрэлы, напісалі яны Hrodna.life.
Еще один гродненец переплыл Неман, чтобы спастись от милиции. Но его задержали
Таксама 23 верасня каля галоўнага корпуса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы студэнты правялі маўклівую акцыю салідарнасці. Да студэнтаў выйшаў прарэктар па выхаваўчай працы, заявіўшы, што студэнты парушаюць унутраны распарадак універсітэта, і што «будуць прынятыя меры». Таксама студэнты заўважылі чалавека з камерай, паведамілі яны ў Telegram-канале.
Па медыцынскую дапамогу пасля затрыманняў не звярталіся, паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.