Ігумення Гаўрыіла (Глухава), настаяцельніца Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Гродне, папрасіла прабачэння ва ўсіх, каго абразіў або закрануў яе выступ на жаночым форуме «За Беларусь» 17 верасня.
«Настаяцельніца гродзенскай абіцелі патлумачыла свае эмацыйныя выказванні перажываннямі за лёс Радзімы і заклікала ўсіх імкнуцца да міру, згоды і любові», — сказана на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы.
На жаночым форуме ў Мінску ігумення рэзка выказалася пра пратэстоўцаў на праўладным жаночым форуме «За Беларусь» у Менску, назваўшы іх вар’ятамі і «раз'юшаным статкам». Таксама яна параўнала беларусаў на пратэстах з сектантамі. «Як раз’юшаны статак лямантуюць на ўвесь горад дэманскія выкрыкі», — казала матушка са сцэны «Мінск-Арэны», зала адказваў апладысментамі.
21 верасня стала вядома, што на набажэнстве ў выхадныя ў жаночым манастыры збіралі подпісы за адхіленне ад пасады епіскапа Арцемія. Пасля выбараў ён у заявах і казаннях не раз крытыкаваў жорсткасць сілавікоў і ўлады. 20 верасня ў інтэрнэце з’явілася петыцыя аб неабходнасці прабачэння перад вернікамі і грамадзянамі з боку ігуменні Гаўрыілы.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін наведаў Гродна 21 верасня. Ён правёў службу ў Гродзенскім свята-раства-Багародзічным жаночым манастыры, якім кіруе ігумення Гаўрыіла, і пагутарыў з прыхаджанамі. Сустракаўся ён і з арцыбіскупам Арцеміем. 22 верасня пасля службы ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ён заявіў пра недапушчэнне расколу ў праваслаўнай царкве і забараніў збіраць подпісы і супраць архіепіскапа Арцемія, і супраць матушкі Гаўрыілы.