Прышчапляць ад каранавіруснай інфэкцыі прэпаратам з Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі пачнуць «літаральна празь месяц». Пра гэта паведаміў у аўторак тэлеканал «Беларусь-24» са спасылкай на выканаўцу абавязкаў міністра аховы здароўя краіны Дзьмітрыя Піневіча, піша Свабода.

«Літаральна празь месяц беларусаў пачнуць прышчапляць расейскай вакцынай ад каранавірусу, пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч», — паведамляе тэлеканал.

Раней па выніках перамоваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Пуцін даў даручэньні па падрыхтоўцы пастаўкі першай партыі расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» у Беларусь.

На перамовах у Сочы ў панядзелак Пуцін паведаміў, што Беларусь пачала ўдзел у апошняй стадыі выпрабаваньняў расейскай вакцыны ад каранавірусу. На думку расейскага лідэра, гэта дазволіць ня толькі наладзіць вытворчасьць, але і забясьпечыць патрэбны ўзровень вакцынацыі.

У Расеі сьцьвярджаюць, што «вакцына» нібыта прайшла належныя выпрабаваньні. Але правяралі яе толькі на дзьвюх групах па 38 чалавек — фазы выпрабаваньняў на некалькіх тысячах чалавек, як прынята ў мэдыцыне, не было.

Нядаўна група італьянскіх мэдыкаў-дасьледнікаў усумнілася ў зьвестках аб клінічных выпрабаваньнях расейскай вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі, апублікаваных нядаўна ў часопісе Lancet.

Мэдыкі падкрэсьліваюць, што пададзеных зьвестак занадта мала, каб зрабіць якія-небудзь адназначныя высновы, аднак і наяўныя зьвесткі выклікаюць занепакоенасьць сваёй ненатуральнасьцю.

Раней кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя перасьцерагаў, што, нягледзячы на ўсе надзеі на стварэньне вакцыны ад COVID-19, яна, магчыма, так ніколі і ня зьявіцца. Тэдрас Гебрэесус зьвярнуўся да ўсіх жыхароў плянэты з настойлівым заклікам выконваць усе неабходныя захады засьцярогі, такія, як сацыяльнае дыстанцыяваньне, рэгулярнае мыцьцё рук і нашэньне масак.