Навіны

«Падштурхнула палітычная абстаноўка». Студэнты ў Гродне падаюць заявы на выхад з БРСМ і прафсаюзу

Студэнты Гродзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы пачалі падаваць заявы аб выхадзе з БРСМ і прафкаму. Ва ўнівэрсытэцкай арганізацыі БРСМ адмаўляюць, што зьява мае масавы характар. Але, як кажуць самі студэнты ГрДУ, ужо сотні маладзёнаў з пачатку навучальнага году выйшлі або падалі заявы на выхад з БРСМ і прафсаюзнай арганізацыі.

Студэнты расказалі «Радыё С**бода», чаму вырашылі выйсьці з гэтай арганізацыі менавіта цяпер і чаму не рабілі гэтага раней.

«БРСМ моцна палітызаваўся гэтым летам»

Сябра ініцыятыўнай групы ГрДУ з факультэту мастацтваў і дызайну Маргарыта паведаміла, што супрацоўнікаў БРСМ цяжка было засьпець на месцы цягам усяго першага навучальнага тыдня. На думку дзяўчыны, многія выходзяць з моладзевай арганізацыі, бо тая «моцна палітызавалася гэтым летам».

Чытайце таксама: У Гродне студэнты і выкладчыкі сабралі подпісы за новыя выбары і свабоду для палітвязняў

Прафкам унівэрсытэту, пасьля таго як людзі пачалі адтуль выходзіць, стаў прапаноўваць зьніжкі ў аплаце праезду і басэйну. Што да БРСМ, то адтуль ніякай дапамогі і раней не было, кажа Маргарыта, а пра акцыі арганізацыі даведваліся за некалькі гадзін да іх пачатку.

«Цяпер адмаўляюцца рэгістраваць заявы на выхад пад маркай скліканьня паседжаньня», — дадала Маргарыта.

Сядзібы прафкаму і БРСМ — у адным кабінэце. Студэнты скардзяцца, што калі з прафкаму выйсьці аказалася досыць проста, то да БРСМ складана дагрукацца: то абед, то нікога няма на месцы.

«БРСМ ніяк не адрэагаваў на тое, што студэнтаў затрымлівалі і прыцягвалі да адказнасьці ні за што»

Яшчэ адна студэнтка ГрДУ, якая сама сябе называе «сяброўкай мірнай рэвалюцыі», расказала, што была сябрам БРСМ 4 гады.

«Я выходжу, бо гэта праўладная арганізацыя, якая ніяк не адрэагавала на тое, што студэнтаў таксама затрымлівалі і прыцягвалі да адказнасьці ні за што. Такім чынам яны яшчэ раз паказалі, што інтарэсы моладзі для іх ня надта важныя. Таму я не хачу мець зь імі нічога агульнага», — сказала дзяўчына.

Па ейных словах, за ўвесь час, што яна ў арганізацыі, яна не атрымала ад арганізатараў ніводнай прапановы на ўдзел у цікавых мерапрыемствах або паездках, «толькі назірала, як сьпісваюцца членскія ўнёскі з карткі».

«Раней я не выходзіла, бо ня так кепска ставілася да існуючай улады. Цяпер, калі я бачу, што сабе дазваляе ўлада ў дачыненьні да мірных жыхароў і як да гэтага ставіцца БРСМ, я не хачу быць зьвязаная зь імі», — патлумачыла дзяўчына.

«Падштурхнула палітычная абстаноўка»

Павал зь фізыка-тэхнічнага факультэту расказаў, што выходзіць з БРСМ, бо цяпер быць у складзе гэтай арганізацыі — значыць маўкліва падтрымліваць цяперашнюю ўладу. Да таго ж, на думку Паўла, БРСМ не прыносіць ніякай карысьці, а толькі сьпісвае грошы са стыпэндыі. Хлопец кажа, што ў складзе БРСМ прабыў два гады. Выйсьці думаў і раней, але неяк не атрымлівалася. Цяпер жа «падштурхнула палітычная абстаноўка», кажа ён.

«Супярэчаць сваімі дзеяньнямі і пазыцыяй майму сьветапогляду»

Яшчэ адна студэнтка расказала, што ўступіла ў БРСМ на першым курсе.

«У першы ж дзень прыйшлі прадстаўнікі і сказалі, што трэба некуды абавязкова ўступаць, чамусьці ў прыярытэце быў БРСМ. Усё адбывалася ў добраахвотнай форме, і ўсе ўступалі. Аднак быў студэнт, які катэгарычна адмовіўся ад гэтага, на яго пачаўся моцны ціск у слоўнай форме. Тады гэта ўсіх студэнтаў абурыла. Я ўступіла, бо абяцалі шмат розных „фішак“ для студэнтаў, у тым ліку сказалі, што гэтыя арганізацыі — абарона і апора студэнта», — узгадвае дзяўчына.

Яна вырашыла спыніць свой удзел у БРСМ і прафкаме, бо на практыцы яны аказаліся для дзяўчыны «бессэнсоўнымі арганізацыямі, якія супярэчаць сваімі дзеяньнямі і пазыцыяй» ейнаму сьветапогляду.

Чытайце таксама: Уладзімір Каранік на сустрэчы з актывістамі з ГрДУ у Гродне: «А хто першым пачаў? Тыдзень хадзілі з БЧБ незаконна»

«БРСМ працягвае рабіць выгляд, што ўсё добра»

Студэнтка 5 курсу, якая была сябрам моладзевай арганізацыі цягам 7 гадоў, кажа, што выходзіць з БРСМ, бо ня згодная з пазыцыяй арганізацыі ва ўмовах цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Раней яна не разумела, як БРСМ зьвязаны з існуючай уладай.

«Яны не абараняюць мае інтарэсы ў гэты час. Я сумняюся, што яны гэта калі-небудзь рабілі ўвогуле. Я ня згодная з тым, што яны ніяк не адрэагавалі на тое, што па ўсёй Беларусі затрымалі студэнтаў на мірных пратэстах, затрымлівалі брутальна, хоць мы жывём нібыта ў дэмакратычнай краіне, кожны мае права на выказваньне сваёй думкі. БРСМ працягвае рабіць выгляд, што ўсё добра», — кажа дзяўчына.

Па словах дзяўчыны, калі яна прыйшла падаваць заяву, на дзьвярах вісела шыльда «абед». Яна чакала пад дзьвярыма каля 2 гадзін, ажно прыйшла сакратарка БРСМ Алеся Папко. Тлумачыць, чаму яе доўга не было на месцы, сакратарка ня стала. Студэнтка дачакалася, калі ейную заяву зарэгіструюць у журнале, зрабіла фота запісу і толькі тады сышла.

А што кажуць у БРСМ?

Сакратарка БРСМ гродзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Алеся Папко сказала БелаПАН, што студэнты не выходзяць масава з арганізацыі, хоць такія выпадкі ёсьць. Яна не змагла назваць колькасьць чалавек, якія падалі заявы на выхад з БРСМ, а таксама колькасьць сяброў арганізацыі на пачатак новага навучальнага году.

Па словах Папко, цяпер адбываюцца сустрэчы зь першакурсьнікамі, падчас якіх шмат новых студэнтаў далучаюцца да моладзевай арганізацыі. Канчатковую колькасьць пакуль «не падбівалі». Яна адзначыла, што выйсьці з БРСМ проста: калі студэнты не застаюць прадстаўнікоў БРСМ на месцы, то ведаюць іхнія тэлефоны і могуць іх лёгка знайсьці.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024