Па дадзеных міліцыі, у Маршы адзінства ў Гродне 6 верасня прыняло ўдзел каля 750 чалавек. Затрымалі і даставілі ў РАУС 102 чалавекі, у дачыненні да іх пачалі адміністрацыйны працэс за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП). Амаль усіх адпусцілі, некалькі чалавек чакае суда ў РАУСе, паведамілі Hrodna.life у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

 — Асобныя радыкальна настроеныя грамадзяне рушылі з плошчы Савецкай у бок праспекта Янкі Купалы. Яны выйшлі на праезную частку, тым самым блакавалі рухі транспартным сродкам. На неаднаразовыя патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні частка грамадзян не рэагавала. У бок супрацоўнікаў міліцыі паляцелі палкі, пластыкавыя бутэлькі і камяні, — распавёў Яўген Дудко з прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама тэлеканалу «Гродна Плюс».

— Міліцыя не зьбівала грамадзян, — паведамілі Hrodna.life у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

— Людзей цягнулі па асфальце, ужылі дубінкі, душылі - як гэта можна назваць?

— Міліцыя не зьбівала грамадзян. Папярэдне яны неаднаразова папярэджваліся падчас руху інфармацыйнай групай аб тым, што ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Людзі выходзілі на праезную частку, блакавалі рух транспартных сродкаў. Пасля неаднаразовых патрабаванняў спыніць удзел у масавых беспарадках былі затрыманні.

 — Чаму міліцыя выкарыстала газ?

 — Мірныя грамадзяне, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, таксама выкарыстоўвалі газ. Супрацоўнікі АМАП пры затрыманні маюць права выкарыстоўваць і фізічную сілу, і спецыяльныя сродкі.

 — Чаму браніраваны пазадарожнік з’явіўся на плошчы Савецкай, хоць Вадзім Сіняўскі, начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама, раней абяцаў, што вайсковай тэхнікі ў горадзе не будзе?

 — Я не магу на гэтае пытанне адказаць, я яго не бачыў.

УУС пра затрыманні 6 верасня: "Затрымалі 102 чалавекі, міліцыя не збівала людзей»
6 верасня на Савецкую прыехаў, а потым з’ехаў браніраваны пазадарожнік Dajiang

Увечары 6 верасня ў інтэрнэце з’явіўся здымак унутранага двара РАУС Кастрычніцкага раёна. Ва УУС Гродзенскага аблвыканкама растлумачылі, што пасля дастаўлення частку людзей павялі ў кабінеты, частка засталіся стаяць у «чарзе».

УУС пра затрыманні 6 верасня: "Затрымалі 102 чалавекі, міліцыя не збівала людзей»
Унутраны двор на Гая, 4 6 верасня

У прэс-службе Hrodna.life сказалі, што быў затрыманы адзін непаўнагадовы. «Быў затрыманы і адразу ж адпушчаны дадому да мамы і таты. Пашпарты ў яго не было, візуальна яму было гадоў 15−16. Яго вырвалі з натоўпу, паглядзелі і сказалі: «Давай, хутчэй, дадому да бацькоў».

 — Калі супрацоўнікі АМАП сышлі затрымліваць удзельнікаў у двары, як яны разумелі, дзе ўдзельнік акцыі, а дзе выпадковы чалавек?

 — Гэта тактыка дзеянняў супрацоўнікаў АМАПа. Як у двор заходзілі, як ідэнтыфікавалі - гэта да супрацоўнікаў АМАПу.

УУС пра затрыманні 6 верасня: "Затрымалі 102 чалавекі, міліцыя не збівала людзей»
Дзяўчына паказвае рэчы, якія былі згубленыя пры затрыманні

Практычна ўсіх пасля затрымання адпусцілі. Сярод затрыманых былі і мужчыны, і жанчыны. У РАУСе да суду засталіся людзі, якіх раней ужо затрымлівалі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Столькі іх, не сказалі, але гэта «адзінкі».