Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка заявіла аб падтрымцы «купалаўцаў», якія пацярпелі пры затрыманні сілавікамі, а таксама паабяцала не звальняць выкладчыкаў і не адлічваць студэнтаў за палітычныя погляды. Пра гэта яна паведаміла 24 жніўня на сустрэчы з сябрамі ініцыятыўнай групы, якія выставілі палітычныя патрабаванні, паведамілі яе ўдзельнікі Hrodna.life.
Сябры ініцыятыўнай групы прапаноўвалі кіраўніцтву засведчыць абяцанні ў пісьмовай форме, але ім адмовілі.
Ініцыятыўная група перадала рэктару пісьмовае патрабаванне за подпісам больш за 2000 студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта. Ірына Кітурка абяцала разгледзець дакументы і прадставіць пісьмовы адказ у найбліжэйшы час.
«Ірына Кітурка прытрымлівалася пазіцыі неўмяшання ўніверсітэта ў палітыку і адмовілася выказаць сваё адназначнае стаўленне да становішча ў краіне. Выразна было сказана толькі пра тое, што рэктар асабіста супраць гвалту. Яна сыходзіла ад прамых пытанняў, шматкроць нагадваючы аб тым, якія ўмовы створаны ва ўніверсітэце для вучобы студэнтаў і працы выкладчыкаў і іншых супрацоўнікаў», — паведамілі Hrodna.life прысутныя на сустрэчы.
Журналістаў на сустрэчу не прапусцілі.
Якія патрабаванні выставілі падпісанты
- Прыцягнуць да адказнасці ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вінаватых у збіцці і забойствах пратэстоўцаў;
- Вызваліць усіх палітвязняў і асоб, затрыманых за ўдзел у мірных пратэстах і выказалі сваё меркаванне;
- Прызнаць праведзеныя 9 жніўня выбары несапраўднымі, правесці новыя сумленныя выбары;
- Прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў.
Патрабаванні ініцыятыўнай групы паўсталі ў адказ на зварот рэктара, у якім яна заклікала да канструктыўнага дыялогу без агрэсіі і гвалту.