Ператрус у краме сувеніраў і тавараў з беларускай сімволікай «Адметнасць» доўжыўся каля дзвюх гадзін. Ён быў звязаны з крымінальнай справай па артыкуле 342 КК Беларусі - Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх. У выніку ператрусу з крамы канфіскавалі бела-чырвона-белыя сцягі, бранзалеты і спіс выбарчых участкаў, па якіх ёсць звесткі аб выніках галасавання на выбарах прэзідэнта.
«Яны самі казалі: „Што мы будзем канфіскоўваць, не ведаю, ці ёсць што забароненае?“, — распавёў Сяргей. — А я не ведаю, што яны лічаць забароненым. Ці могуць быць забароненымі нажнічкі, якія ляжаць — бо гэта можа быць халоднай зброяй. Забароненымі выявіліся сцягі - наша прадукцыя».
Канфіскавалі 27 бела-чырвона-белых вялікіх сцягоў з тканіны, 44 бранзалеты з натуральнай скуры бел-чырвона-белай расфарбоўкі, 12 маленькіх папяровых сцяжкоў з пластыкавымі флагштокамі і 44 — без іх. Таксама канфіскавалі паперы: «Дэкларацыю палітычных партый па выхадзе з палітычнага крызісу» ад 13 жніўня 2020 года і пералік выбарчых участкаў, на якіх удалося сабраць сведчанні аб выніках галасавання. «На іх або перамагла Ціханоўская, або Ціханоўская і Лукашэнка выходзілі ў другі тур», — удакладніў Сяргей.
Юрыдычна ўсё было зроблена правільна: склалі вопіс маёмасці, выдалі пратакол ператрусу.
Міліцыянты прыйшлі ў краму прыкладна, а 12 дня 25 жніўня. Ператрус доўжыўся каля дзвюх гадзін. Яго праводзілі прадстаўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў, у тым ліку начальнік Слонімскага міжраённага аддзела. Паводле дакументаў, якія прад’явілі Сяргею, ператрус праводзіўся ў сувязі з заведзенай крымінальнай справай па ч. 1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін).
Яшчэ да гэтага Сяргей атрымаў позву аб тым, што 26 жніўня ён мусіць з’явіцца ў Следчы камітэт у якасці сведкі. Па якой справе, у позве пазначана не было.
Чытайце таксама: