Перад вечным агнём у парку Жылібера каля 12:00 сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, з іх каля 20 мужчын — у блакітных берэтах і цяльняшках. Мужчыны стаялі з расцяжкамі «Мы з народам» і эмблемамі ваеннай разведкі і ПДВ. Па іх словах, яны выйшлі паказаць, што народ адзіны.
— Мы засталіся неабыякавыя да ўсяго і вырашылі сабраць хлопцаў, якія служылі ў выведцы, у ВДВ, паказаць, што мы з народам. Заўсёды былі на перадавой, — сказаў журналісту Hrodna.life Юры. Ён служыў у 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння, у Мар'інай Горцы, цяпер — у запасе.
— Мы за мір! Мы давалі прысягу на вернасць народу, — патлумачыў Hrodna.life Аляксандр. Прозвішча ён, як і Юрый, назваць адмовіўся — мужчыны не ўпэўненыя ў сітуацыі і баяцца пераследу. — Трэба паказаць, што народ адзіны. У нас ёсць сваё меркаванне, няхай нам не затыкаюць рот, няхай прыслухаюцца. Любымі спосабамі трэба мірна ўсё гэта вырашаць.
— Пазаўчора-ўчора выходзілі жанчыны, паказалі, што ў нас ёсць сапраўдныя жанчыны, сёння мы паказалі, што ў нас ёсць сапраўдныя мужчыны, — падключыўся да размовы трэці мужчына ў цяльняшцы.
Нагадаем, што да гэтага тры дні гродзенкі шыхтаваліся ўздоўж вуліц горада з кветкамі ў руках, іх былі тысячы.
Дэсантнікі супраць фальсіфікацый
Мужчыны перад паркам распавялі, што хочуць, каб прэзідэнт быў легітымны, той, каго абраў народ: «Хочам, каб не было падставаў, фальсіфікацый. Хочам сумленных выбараў у нармальнай дзяржаве — а мы лічым, што ў нас нармальная дзяржава. Ёсць разумныя людзі, ёсць афіцэры, якія павінны пайсці на перадачу ўлады».
!["Народ біць дакладна не пойдзем". Дэсантнікі выйшлі на вуліцы Гродна](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2020/08/IMG_20200815_124942-20200815-VDV-4-1024x778.jpg)
!["Народ біць дакладна не пойдзем". Дэсантнікі выйшлі на вуліцы Гродна](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2020/08/IMG_8350-20200815-VDV-7-1024x791.jpg)
Дэсантнікі Гродна збіраюцца выходзіць на мірныя акцыі кожны дзень, пакуль не памяняецца ўлада. Лічаць, што падтрымка прадпрыемстваў і працяглыя страйкі вельмі важныя.
— Мы не згодныя з вынікамі выбараў, з тым, што мірных жыхароў збівае АМАП. Пытанне да ўладаў - за што? Калі выклічуць з запасу, народ біць дакладна не пойдзем, — сказаў гарадзенец, які служыў у Брэсце ў 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе. Ён таксама папрасіў не называць прозвішча, бо баіцца пераследу.
Некаторыя мужчыны прыйшлі на акцыю з сем’ямі і нават з хатнімі гадаванцамі. Машыны, якія праязджалі міма, сігналілі.
!["Народ біць дакладна не пойдзем". Дэсантнікі выйшлі на вуліцы Гродна](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2020/08/IMG_20200815_125042-20200815-VDV-6-1024x776.jpg)
Разам з дэсантнікамі стаялі жанчыны ў чорным і мужчына з таблічкай — такой, як шыльды з назвамі вуліц на дамах. На ёй было прозвішча Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў 10 жніўня ў Мінску ў час пратэстаў.
!["Народ біць дакладна не пойдзем". Дэсантнікі выйшлі на вуліцы Гродна](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2020/08/IMG_20200815_125421-20200815-VDV-10-1024x768.jpg)
Асноўная прычына смерці Аляксандра — адкрытая рана грудной клеткі, ён памёр ад страты крыві. 15 жніўня прайшло пахаванне, і на месцы яго гібелі сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Мужчыне было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка. У МУС заяўлялі, што Тарайкоўскі хацеў кінуць выбуховае прыстасаванне ў сілавікоў, але яно выбухнула ў яго ў руцэ, з-за чаго мужчына і памёр. Аднак відавочцы распавядалі, што ў мужчыны ў руцэ нічога не выбухала. Гэта не адзіная ахвяра ў Беларусі.
«Мы мяркуем назваць вуліцу ў гонар хлопца, якога расстралялі ва ўпор», — патлумачыла гарадзенка Алёна.
На зямлі перад імі стаялі запаленыя лампады.
Чытайце таксама: