Увечары 10 жніўня на вуліцы Гродна выйшлі сотні чалавек пратэставаць супраць вынікаў выбараў. Яшчэ днём супрацоўнікі міліцыі перакрылі цэнтр горада (Плошча Леніна і Савецкая) з дапамогай спецтэхнікі і загарод. Пратэстоўцы стараліся збірацца ў парках, каля чыгуначнага вакзала і будынка філармоніі.
Асноўныя сутыкненні з АМАПам і затрыманні адбываліся ў раёне прывакзальнай плошчы каля 21:00. Па паведамленнях чытачоў Hrodna.Life і сведак, сілавікі выцягвалі людзей нават з прыпаркаваных машын.
Многія гараджане выехалі пратэставаць на асабістых аўтамабілях. Пасля 23:00 былі заторы (вул.Церашковай), нягледзячы на позні час рух па ВКМ (аб'язной) быў як у будні дзень. На некаторых участках аўтамабілі рухаліся ў шчыльным патоку. Машыны сігналілі, некаторыя размахвалі бела-чырвона-белымі сцягамі і белымі стужкамі. Асабліва шумна было на кальцы каля гандлёвага цэнтра «Карона» на вуліцы Касманаўтаў, кальцы ля філармоніі і перакрыжаванні вуліц Паповіча і Савецкіх Пагранічнікаў.
Бліжэй да ночы, каля 23:00, падзеі сталі разгортвацца на кальцы каля Філармоніі. Там некалькі сотняў чалавек выкрыквалі «Жыве Беларусь!». Калона аўтамабіляў міліцыі некалькі разоў прыязджала туды і жорстка разганяла людзей. Затрымлівалі дзясяткі чалавек. Вядома пра некалькіх пацярпелых. Людзі сталі разыходзіцца бліжэй да паўночы.
Па паведамленнях сведак аднаго з пратэстоўцаў каля філармоніі збілі службовым аўтамабілем. Іншыя сведкі паведамляюць, што яго збілі дубінкамі.
Паводле інфармацыі Hrodna.life затрыманых 10 жніўня везлі ў РАУСы раёнаў, турму і спартзалу Дэпартамента аховы на вуліцы жалезнай.
Чытайце таксама: «Чьего-то сына, я думала, отобью у них». О чем говорили люди под гродненской тюрьмой после задержаний 9 августа
Па нашых дадзеных, у горадзе затрымалі каля 200−300 чалавек. Многіх адпускалі ноччу. Даведацца, дзе знаходзяцца затрыманыя, можна ў дзяжурных частках РАУС горада, паведамілі Hrodna.Life у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.