Каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай з Мастоўскага раёну Аляксандра Мілюка, які зьняў правакацыю супраць сябе на відэа, асудзілі за «дробнае хуліганства» на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Пастанову прыняў суд Мастоўскага раёну 7 жніўня, піша С**бода.
Мілюка прызналі вінаватым у тым, што парушаў грамадзкі парадак, чапляўся да грамадзянаў, нецэнзурна лаяўся ў Мастах 3 ліпеня.
Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Цівунчык. Пацярпелым у справе праходзіў грамадзянін Расеі Валянцін Жураўлёў. Сьведкамі выступілі супрацоўнікі ДАІ Віталь Пляскач і Драбіновіч, а таксама ідэоляг Мастоўскага райвыканкаму Сяргей Дзяйкала.
Па словах Жураўлёва, ён пераблытаў Мілюка зь іншым чалавекам, які павінен быў яму грошы, таму пачаўся канфлікт на вуліцы. Мілюк сваёй віны не прызнаў цалкам.
Жураўлёў ужо адсядзеў у сувязі з гэтай ж сытуацыяй за дробнае хуліганства 15 дзён.
Што адбывалася раней?
Гісторыя пачалася месяц таму і складаецца зь некалькіх частак.
Аляксандру Мілюку 34 гады, ён жанаты, мае трох сыноў ад 3 да 12 гадоў. Працуе зваршчыкам у Мастоўскім ПМК. Раней быў судзімы за махлярства, судзімасьць пагашаная. Сёлета зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.
3 ліпеня ён ішоў дадому з малым сынам. На вуліцы да яго прычапіўся незнаёмец, абражаў, прасіў грошы. Мілюк пачаў здымаць правакацыю на відэа.
Побач спыніліся супрацоўнікі ДАІ, выклікалі міліцыю, сказалі абодвум мужчынам праехаць у РАУС для разбору. Мілюк меўся быць ці сьведкам, ці пацярпелым. Але ён адмаўляўся ехаць з малым сынам. Урэшце ягоная жонка прыехала і забрала дзіця, а Аляксандра завезьлі ў пастарунак. Міліцыянты казалі яму, што хочуць скласьці на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.
6 ліпеня стала вядома, што Мілюка шпіталізавалі з каранавірусам. Яшчэ 3 ліпеня яму стала блага, ён пачаў задыхацца, падскочыў ціск і паднялася тэмпэратура.
8 ліпеня міліцыянты паведамілі, што Мілюк не затрыманы, а арыштам за дробнае хуліганства пакаралі ягонага апанэнта. Пазьней стане вядомае імя апошняга — Валянцін Жураўлёў.
15 ліпеня Мілюк атрымаў пастанову пракуратуры ад 7 ліпеня, зь якой вынікае, што падрыхтоўку адміністрацыйнай справы супраць Мілюка за дробнае хуліганства прыпынілі, справу адновяць, калі зьнікнуць «падставы для прыпыненьня».
У той жа дзень да Мілюка на самаізаляцыі прыйшлі міліцыянты і паведамілі, што ў дачыненьні да яго вядзецца праверка паводле крымінальнага артыкулу 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Правялі агляд жытла. Аказалася, што на Мілюка напісалі заявы міліцыянты Мастоўскага РАУС Аляксей Літаш і Яўген Кудрашоў, нібыта ён іх абразіў падчас вулічнага канфлікту 3 ліпеня. У Мілюка забралі мабільны тэлефон.
3 жніўня пачаўся суд над Мілюком за дробнае хуліганства. Паводле пратаколу, 3 ліпеня Мілюк у горадзе Масты чапляўся да грамадзян, нецэнзурна лаяўся, чым выказаў непавагу да грамадзтва.