31 ліпеня а 20.00 пачнецца трансляцыя на YouTube 9-га “Біг-Міні-фестывалю вулічнага мастацтва”. Праз пандэмію штогадовы гродзенскі фестываль пройдзе ў анлайн-фармаце.
А 20.00 на YouTube канале мерапрыемства пачнецца вяшчанне з цэнтра Гродна.
У праграме стрыму – выступы гродзенскіх акцёраў, музыкаў, артыстаў фаер-шоў, а таксама видэаўключэнні замежных гасцей з Ірландыі, Эстоніі, Украіны і Расіі і іншых краін.
Прадстаўнікі вулічнага мастацтва пакажуць найлепшыя выступы і раскажуць гледачам пра сваю творчасць.
– У гэтым годзе мы як ніколі паспрабуем ажывіць успаміны гродзенцаў пра гэтую яркую і вялікую падзею, – кажа галоўная рэжысёрка фестывалю Анастасія Роўба. – Такі фармат працы для нас зусім новы, аднак мы вырашылі рызыкнуць і адкрыць “Біг-Міні-фестываль” з іншага боку. У нас нарэшце з’явілася магчымасць пагаварыць з удзельнікамі, пачуць пытанні ад гледачоў і ўбачыць творчасць выканаўцаў з далёкіх краін. Вельмі спадзяемся, што гродзенцы змогуць далучыцца да нас у гэты пятнічны вечар і атрымаць задавальненне ад прагляду.

Тое, што фестываль будзе праходзіць у нязвыклым фармаце, арганізатары вырашылі яшчэ ў красавіку. Адмяняць яго не хацелі як мінімум для таго, каб не адсоўваць набліжэнне 10-га юбілейнага фестывалю.
За гады існавання фестываль з аматарскай студэнцкай тусоўкі, зробленай зусім без досведу і профільнай адукацыі, перарос у міжнароднае свята з сотнямі ўдзельнікаў і тысячамі гасцей і гледачоў.


