Сяргею Ціханоўскому працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 29 верасня. Аб ў Facebook напісала Святлана Ціханоўская, яго жонка і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 9 жніўня.
«Сябры, Сяргею працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 29 верасня. Да жаль, для нас гэта не стала нечаканасцю, — паведаміла Святлана. — Але гэта не выбіла яго з каляіны. Ён мой герой!»
Чытайце таксама: «Не дзеля пасады». Святлана Ціханоўская апублікавала перадвыбарную праграму
Блогера і кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага затрымалі ўвечары 29 траўня ў Гродне. На пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога яго і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сеціве. Частку затрыманых перавезлі ў Менск. Была распачата крымінальная справа. У час ператрусу на дачы Ціханоўскага пад Гомелем следчыя знайшлі 900 тысяч долараў.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі зняволенымі. Ціханоўскаму і яго прыхільнікам прад’явілі абвінавачванне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Таксама яго вінавацяць па арт. 191 (Перашкода ажыцьцяўленьню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць і быць абраным). Пацярпелай прызналі Лідзію Ярмошыну.