У судзе Ленінскага раёна Гродне 29 ліпеня прайшоў адміністрацыйны працэс у дачыненні да Уладзіміра Родчанкі за ўдзел 14 ліпеня ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з дапамогай аўтамабіля. Яго прызналі вінаватым і далі штраф 25 базавых велічынь (675 рублёў).
Увечары 14 ліпеня экіпаж ДАІ спыніў Volkswagen Tiguan Уладзіміра Родченкі на Сацыялістычнай вуліцы. Гэты аўтамабіль у горадзе ведаюць многія: ён рэгулярна падтрымліваў акцыі салідарнасці ў Гродне ў чэрвені і ліпені 2020 года. Супрацоўнікі інспекцыі забралі аўтамабіль за гучную музыку і бел-чырвона-белы сцяг на даху.
У той жа вечар у РАУС Ленінскага раёна на Уладзіміра склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Машыну Уладзіміра адагналі на стаянку міліцэйскага ўчастка як рэчавы доказ.
Чытайце таксама: Гродненец из того самого Volkswagen с бело-красно-белыми флагами планирует пересесть на Запорожцы
На судзе сведкамі па справе выступілі супрацоўнікі АМАПу: Сяргей Сарока і Уладзімір Сакалоўскі. 14 ліпеня яны неслі службу ў раёне Савецкай плошчы. У той вечар яны нікога не затрымлівалі і не папярэджвалі аб несанкцыянаваным мерапрыемстве, у іх задачу ўваходзіла толькі патруляванне. Самага Родчанку яны не бачылі, толькі яго аўтамабіль. Міліцыянты патлумачылі ў судзе, што машына Родчанкі некалькі разоў праязджала ў раёне Савецкай плошчы. Як і іншыя вадзіцелі, Родчанка падаваў сігналы. Пасля гэтага людзі пачыналі пляскаць.
На судзе Родчанка распавёў, што сваімі дзеяннямі ён выказваў грамадзянскую пазіцыю, але закон не парушаў. На відэа, прадстаўленым РАУС Ленінскага раёна, не відаць, каб аўтамабіль гродзенца падаваў сігналы.
«Майго кандыдата не зарэгістравалі і незаконна пасадзілі. Так, у той вечар я ездзіў са сцягамі і музыкай, але я не парушаў ПДР, не ствараў аварыйнай сітуацый і не сігналіў. Я законапаслухмяны грамадзянін. Калі мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ, я быў ветлівы і культуры. Але ў мяне чамусьці забралі аўтамабіль. Прашу суд выдаць неадкладна мне мой транспартны сродак. Сям’я знаходзіцца на самаізаляцыі за горадам і мне патрэбен аўтамабіль», — сказаў на судзе Родчанка.
Суддзя Руслан Гурын прызнаў Уладзіміра Родчанку вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і асудзіў яго на штраф 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Суддзя вырашыў вярнуць машыну Родчанку, а два бел-чырвона-белыя сцягі, знятыя з аўто, знішчыць.
Родчанка мае намер аспрэчваць рашэнне суда.