У адной з рытуальных агенцыяў Горадні ананімна С**бодзе расказалі пра пахаваньне людзей з каранавірусам.
«Калі ўлічваць, што дыягназы хаваюць, ня ставяць, то нічога не зьмянілася», — кажа супрацоўнік агенцыі, параўноўваючы ліпень з папярэднімі месяцамі.
Праўда, ён заўважыў: як на вуліцы пацяплела, нябожчыкаў з каранавірусам усё ж крыху паменела. Больш іх было ў красавіку і траўні. За апошнія 2−3 тыдні агульная колькасьць пахаваньняў зьменшылася, у тым ліку паменела людзей, якія хварэлі на запаленьне лёгкіх.
Калі ў нябожчыка быў COVID-19, у агенцыі гэта бачаць з таго, што цела да іх прыходзіць у гермэтычным пакеце. Такіх выпадкаў адзінкі — тры за лета ў гэтай рытуальнай службе. Супрацоўнік рытуальнай сфэры мяркуе, што папраўдзе «ковідных» памерлых болей, чым паводле афіцыйных папераў.
«Уся інфармацыя з моргаў трапляе ў Менск, і Менск дае распараджэньне: пісаць „каранавірус“ ці хваробы, якія спадарожнічаюць каранавірусу, ускладненьні. Такая статыстыка, іх не зразумееш», — разважае суразмоўца.
Здараецца, прыбывае нябожчык з падазрэньнем на каранавірус — прыкладам, станоўчы вынік тэсту прыходзіць толькі пасьля пахаваньня, або чалавек хварэў на пнэўманію з характэрнымі для каранавірусу сымптомамі. У такіх выпадках лекары «па-чалавечы» папярэджваюць супрацоўнікаў пахавальнага бюро, што хаваць такога нябожчыка небясьпечна, а супрацоўнікі бюро — сваякоў, каб не падыходзілі блізка да труны, не цалавалі нябожчыка на разьвітаньне. Лічба такіх памерлых «з падазрэньнем» ідзе на дзясяткі. Па словах суразмоўцы, гэта амаль усе нябожчыкі, хто прыбывае зь лякарняў.
Дырэктар Горадзенскага пахавальнага дому Аляксандар Шэйтар расказаў БелаПАН, што памерлых з каранавірусам апошнім часам стала менш. Паводле яго, цягам усёй эпідэміі такіх нябожчыкаў былі адзінкі.
Па ягоных назіраньнях, гэта менш за 1% ад усёй колькасьці памерлых, што зьвяртаюцца ў пахавальны дом. Ён мяркуе, што схаваць дыягназ «каранавірус» немагчыма, бо калі ў пасьведчаньні аб сьмерці зашыфравана пішацца толькі асноўны дыягназ, які стаў прычынай сьмерці, то ў даведцы аб сьмерці пішуць усе іншыя захворваньні, якія яму спадарожнічалі. У ліпені яны хавалі толькі аднаго нябожчыка з каранавірусам.