«А сустрэчу дазволілі? Гэта не фэйк? Ці будуць людзей затрымліваць?» — з такімі пытаннямі звяртаюцца ў рэдакцыю Hrodna.life чытачы. 23 ліпеня ў Каложскім парку павінен прайсці першы пікет давераных асобаў кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Заяўнікам выступіў актывіст з Гродна Мікалай Салянік. Ён распавёў Hrodna.life, што будзе на пікеце і чаму там не павінны затрымліваць людзей.
Па Гродзенскай вобласці ў Святланы Ціханоўскай толькі тры давераныя асобы: Мікалай Салянік, Яўген Амплееў і Павел Мількоўскі. 23 ліпеня яны будуць распавядаць гродзенцам пра свайго кандыдата і маючыя адбыцца выбары.
«Гэта будзе першая сустрэча ў Гродне з даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай, — распавёў Hrodna.life Мікалай Салянік. — Мы апавясцілі пра пікет Гродзенскі гарвыканкам яшчэ 14 ліпеня. 22-га гэта афіцыйна пацвердзілі. Усе дазволы ў нас ёсць, таму ў гродзенцаў будзе ўнікальная магчымасць сабрацца і паразмаўляць без затрыманняў на афіцыйным пікеце. Галоўнае — не парушаць закон».
Колькі будзе доўжыцца пікет у Каложскім парку Мікалай Салянік не ведае. Заяўку на пікет ён падаў з 17:00 да 22:00.
«За гэты час мы пастараемся расказаць пра Святлану Ціханоўскую, бачанне выбараў і будучыню краіны. Таксама мы запрашаем выступіць усіх жадаючых музыкаў і творчых асоб. Сцэны ў нас як такой не будзе, пакуль толькі рупар. Таму мы маем патрэбу яшчэ ў дапамозе з гукам і дадатковымі сродкамі».
Чытайце таксама: «Угроза для власти не кандидаты, а народ». Тихановская на «Беларусь 1» рассказала, что не показывает телевидение
У Гродзенскім гарвыканкаме Hrodna.life пацвердзілі, што пікет у Каложскім парку 23 ліпеня быў узгоднены і дазволены. Пачатак пікета давераных асоб Святланы Ціханоўскай у 17:00.
Чытайце таксама: Той самы выпускнік, які выказаўся на лінейцы ў Мінску, падарыў Ціханоўскай 51 ружу. І вырашыў не паступаць ва ўніверсітэт