У Гродзенскім абласным судзе 14 ліпеня Дзмітрый Фурманаў абскардзіў рашэнне суда Ленінскага раёна Яго судзілі па арт. 23.4 КоАП — Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Суддзя Аляксандр Козел пакінуў рашэнне без зменаў.

Дзмітрыя Фурманава абвінавацілі ў тым, што 29 траўня каля 20.00 ён на вул. Савецкай, 2 пры затрыманні не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі: упіраўся, размахваў рукамі, спрабаваў уцячы. Яго пакаралі дзесяцьцю суткамі арышту ў судзе Ленінскага раёна.

Зміцер лічыць, што гэта рашэнне незаконнае і неабгрунтаванае. Сам актывіст у працэсе не ўдзельнічаў. Ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску і праходзіць па «справе Ціханоўскага».

Адвакат паведаміў, што ў судзе Ленінскага раёна няправільна далі ацэнку звесткам ад сведак. Яны з’яўляюцца супрацоўнікамі АМАП, удзельнічалі ў затрыманні, пісалі рапарты і пратаколы. Таму яны зацікаўленыя ў зыходзе справы. Сведкам жа можа быць толькі незацікаўлены бок. Да таго ж, іх звесткі былі непаслядоўнымі і супярэчлівымі, паведаміў адвакат. Супрацоўнікі АМАП сцвярджалі, што патрулявалі вуліцы, а, паводле кнігі нарадаў, яны ў той дзень былі ў рэзерве. Спачатку сведкі паведамлялі, што бачылі, як Зміцер удзельнічаў у бойцы з міліцыянтам, а потым казалі, што ён адыходзіў ад месца здарэння.

Дзмітрый сцвярджаў, што супрацоўнікі АМАП былі ў грамадзянскай форме, у масках, пры затрыманні не прадставіліся. Маўляў, ён не мог ведаць, што гэта супрацоўнікі АМАП.

Да таго ж, Дзмітрыя Фурманава будуць судзіць па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Такім чынам, за адны і тыя ж дзеянні яго могуць пакараць двойчы, а паводле заканадаўства Беларусі гэта недапушчальна, распавёў адвакат у судзе.

Суддзя выслухаў пазіцыю адваката і пакінуў рашэнне суда Ленінскага раёна без зменаў, скаргу не задаволіў.

Адвакат паведаміў, што Зміцер будзе і далей абскарджваць рашэнне суда ў вышэйстаячай інстанцыі.

Дзмітрыю Фурманаву 36 гадоў. Ён быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Гродно для жизни» і каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродне.

«Очнулся на полу от болевого приема». Политзаключенному Фурманову дали еще 10 суток

«Я был влюблен в Лукашенко — теперь его ненавижу». Гродненец рассказал, как задерживали его сына

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.