4 ліпеня гродзенскі клуб атрымаў сёмую перамогу запар у чэмпіянаце Белаурсі. Падапечныя Ігара Кавалевіча ў Гродна абыгралі Іслач — 1:0.

Адзіны гол у матчы на 91-й хвіліне забіў Зоран Марушыч. Сем перамог запар — гістарычная серыя для гродзенскай каманды.

Галоўны трэнер «Нёмана «Ігар Кавалевіч пасля матчу:

— Быў цяжкі матч з добрай камандай. У прынцыпе, гульня была да гола. У першым тайме, можа быць, мы выглядалі крыху лепей, а ў другім ледзь часам «Іслач». У прынцыпе, усё вырашыў адзін момант. Гульня была вельмі напружанай. У «Іслачы» моцная атакуючая лінія: Янсане, Камароўскі, Макась — гэта футбалісты высокага ўзроўню, як і ўся каманда, выдатны трэнерскі штаб. Мы радыя перамозе, хоць па такой гульні… не тое, каб не засмуціліся б нічыёй… Абедзве каманды гулялі на перамогу. Нам пашанцавала крыху пабольш. А так была роўная добрая гульня, якая, думаю, спадабалася гледачам.

Пасля перамогі над «Іслаччу» гродзенскі клуб выйшаў на другое месца ў турнірнай табліцы і на першае месца па колькасці згубленых ачкоў. «Нёман» зараз мае 29 ачкоў і матч у запасе. На першым месцы ідзе барысаўскі БАТЭ з 30 баламі ў актыве.

Свой наступны матч «Нёман» правядзе ў Віцебску 12 ліпеня, дзе сустрэнецца з мясцовай камандай.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life