У Горадні сьвяткаваньне 3 ліпеня было нешматлюдным. Толькі на салют прыйшлі паглядзець каля тысячы чалавек, піша С**бода.
У Горадні ўдзень 3 ліпеня не было адной сьвяточнай пляцоўкі з кавярняй пад адкрытым небам і канцэртам, як у папярэднія гады. Пра выходны дзень гаварыла большая колькасьць людзей на цэнтральных вуліцах і плошчах, а таксама шмат міліцыянтаў у белых кашулях.




Відаць было нешматлікія сем'і, што выйшлі ў горад з бел-чырвона-белымі-сьцяжкамі, маладзёнаў у сьвітшотах з Пагоняй і надпісам «Жыве Беларусь». Супрацоўнік ДАІ спыніў прынамсі аднаго таксоўца з нацыянальным сьцяжком на антэне і выпісаў яму нейкі дакумэнт.

Паслухаць вечаровы канцэрт на Кургане славы, які месьціцца на ўскрайку гораду, было мала ахвочых. Перад сцэнай адначасна знаходзіліся 100−200 чалавек. Падзея была прымеркаваная да Дня вышыванкі. Аднак людзей у вышыванках не было відаць, а сувэніры са стужкі з арнамэнтам мала хто хацеў браць на ўваходзе.





Апрача арганізатараў, артыстаў і міліцыянтаў, прыйшлі сем'і з малымі дзецьмі, жанчыны сярэдняга ўзросту. Супрацоўнікі ў цывільным сачылі за невялікай групкай маладзёнаў у адзеньні з нацыянальнай сымболікай, але не затрымлівалі іх.





Бліжэй завяршэньня сьвяткаваньня прыехала каля тысячы чалавек, у тым ліку, чыноўнікі, прадстаўнікі арганізацыі «Белая Русь», фэдэрацыі прафсаюзаў, БРСМ, Чырвонага Крыжа. Удзельнікі імпрэзы засьпявалі гімн Беларусі. Дзень незалежнасьці скончыўся салютам.