У Беларусі на 30 чэрвеня зарэгістраваныя 62 118 (+328) чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Ачунялі і выпісаныя 46 054 (+841) пацыенты, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, памерлі — 392 (+5).
Усяго праведзена 1 млн 785 тэстаў.
Савет Міністраў з 1 ліпеня адмяняе ўведзеныя ў сувязі з COVID-19 абмежаванні для транзітных перавозчыкаў, піша БЕЛТА.
Для прадухілення завозу і распаўсюджвання каранавіруса транзітныя перавозчыкі павінны былі праязджаць толькі па пэўных рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах, на якіх магчымы прыпынак для адпачынку і харчавання кіроўцаў, запраўкі транспартных сродкаў.
Яны таксама былі абавязаныя пакідаць тэрыторыю Беларусі па самым кароткім маршруце не пазней за дзень, наступны за днём ўезду.