Вада ў возеры Юбілейным у Гродне афарбавалася ў ненатуральны ярка зялёны колер. Гродзенцы здзіўляюцца: ці то нехта выліў у возера велізарную колькасць фарбы, ці то гэта наступствы цвіцення водарасцяў.

У рэдакцыю Hrodna.life даслалі відэа. «Людзі вылазяць — ногі зялёныя. Кашмар», — каментуе гродзенка.

Што гэта можа быць?

Старшыня грамадскай арганізацыі «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў распавёў Hrodna.life, што ў гэты час года ён увесь час назірае падобную карціну ў возеры.

«Зацвіла Юбілейка. У панядзелак прыедзе санстанцыя і закрые возера. Кожны год так робяць», — сказаў Філімонаў.

У камітэце прыродных рэсурсаў сітуацыю з вадой у возеры Юбілейным пакуль ніяк не каментуюць. У 2018 годзе падобную сітуацыю бачылі на Мінскім моры. Тады ў камітэце прыродных рэсурсаў распавялі, што праблема ў цвіценні вадаёма. Заквітнеў фітапланктон (сіне-зялёныя водарасці), які выклікае змяненне колеру вады. Такой яркай вада стала з-за высокай канцэнтрацыі пігментаваных клетак.