На Гродзеншчыне завялі новую крымінальную справу — з прычыны пагрозаў у сеціве жонцы міліцыянта, які ўдзельнічаў у затрыманнях 29 траўня ў Гродне на пікеце Святланы Ціханоўскай.
24 чэрвеня, а 19-й гадзіне міліцыя прыехала дахаты да жыхара Ліды Паўла Сухадольскага з пастановай на ператрус, паведамляе незарэгістраваны праваабаронцы цэнтр «Вясна». Яму паведамілі, што распачата крымінальная справа паводле арт. 364 («Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў - караецца арыштам, альбо абмежаваннем свабоды на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 гадоў).
Паводле новай крымінальнай справы, нехта пагражаў блізкім сваякам міліцыянта, які выконваў свае абавязкі пры затрыманні Сяргея Ціханоўскага ў Гродне 29 траўня.
Чытайце таксама: У Гродне прайшла чарговая акцыя салідарнасці: некалькі чалавек затрымалі
Нібыта з нейкіх акаўнтаў Вконтакте былі адпраўлены пагрозы жонцы аднаго з міліцыянтаў. Хоць Павел Сухадольскі праходзіць па гэтай справе пакуль як сведка, у яго дома правялі ператрус. Сухадольскі адмовіўся даваць тлумачэнні прадстаўнікам органаў, але па іх патрабаванні аддаў свой тэлефон і ноўтбук.

Чытайце таксама: Гродзенскай пенсіянерцы, якую судзілі за хуліганства, грошы на штраф сабралі за ноч
Новыя затрыманні ў Гродне
26 чэрвеня, каля 17-й гадзіны супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы на аўтамабілі Яўген Амплееў, паведамляе «Вясна». Яго прымусова даставілі ў Ленінскі РАУС. Пакуль ён знаходзіцца там.
Таксама з раніцы міліцэйскі бус дзяжурыў ля дому Юлііі Карначавай, яшчэ адной актыўнай удзельніцы ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Пазней супрацоўнікі ДАІ затрымалі мастоўскага актывіста каманды Ціханоўскіх Аляксандра Мілюка. Мілюк выехаў на сваёй машыне з Мастоў у Воранаўскі раён да бацькоў, але па дарозе яго машыну спынілі. Даішнікі сказалі, што ён парушыў правілы дарожнага руху. Мілюка павезлі ў Мастоўскі шпіталь на асведчанне на прадмет ужывання алкаголю.
