Гродзенец Андрэй Вашкевіч просіць праверыць, ці не звязаная гібель рыбы і баброў у Нёмане са скідам забруджвальных рэчываў у раёне Гродзенскай ГЭС. Звароты ён адправіў у Адміністрацыю прэзідэнта і пракуратуру.

13 чэрвеня ў інтэрнэце пачалі з’яўляцца фотаздымкі мноства мёртвых рыб ля берагоў Нёмана. Версія службы аховы прыроды — высокая тэмпература вады і недахоп кіслароду. Некаторыя лічаць такое тлумачэнне непераканаўчым.

Вада ў Нёмане не магла прагрэцца да 30 градусаў пасля ўсяго двух дзён спякоты, лічыць Андрэй Вашкевіч. Не можа быць тлумачэннем і недахоп кіслароду ў вадзе — загінулі яшчэ і бабры, якія дыхаюць атмасферным паветрам. Гродзенец мяркуе, што мор рыбы і смерць жывёл выклікаў скід забруджвальных рэчываў. Ён просіць Адміністрацыю прэзідэнта і пракуратуру правесці праверку.

«Лічу, што мор рыбы выкліканы не зменамі тэмпературы вады ў Нёмане, а скідам у раку забруджвальных рэчываў.

[…]

У сувязі з гэтым прашу правесці праверку на прадмет магчымага скіду забруджвальных рэчываў у раку Нёман прыкладна ў раёне Гродзенскай ГЭС, праверыць дакументацыю маніторынгу тэмпературы ў рацэ Нёман, ці сапраўды яна падымалася да 30 градусаў у дні мору рыбы", — напісаў ён.

Што адбылося?

Гродзенскія рыбакі 13 чэрвеня паведамілі Hrodna.life пра масавы мор рыбы ў Нёмане. Яны называюць здарэнне «экалагічнай катастрофай» і пішуць пра магчымае трапленне ў ваду атрутных рэчываў.

Мёртвая рыба пачала з’яўляцца вечарам 12 чэрвеня, да раніцы наступнага дня яе стала больш. Рыбакі паведамлялі Hrodna.life, што бачылі на Нёмане сінія плямы. Мёртвую рыбу бачылі ў розных месцах: і ў цэнтры горада, і ў раёне ратавальнай станцыі «Ласосна» (пляж каля БХМД), і вышэй плаціны ГЭС.

Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гарадская і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і грамадскае аб’яднанне «Экаманіторынг» праводзяць аналізы вады і пакуль не каментуюць прычыны таго, што адбылося.

Як адрэагавалі суседзі?

Літва прышле ў Беларусі ноту, дзе спытае, ці была рака забруджаная. Пра гэта 17 чэрвеня паведаміў дарадца міністра навакольнага асяроддзя Юстас Ясконіс. Нота будзе перададзена Міністэрству замежных спраў для адпраўкі ў суседнюю Беларусь па дыпламатычным канале, паведамляе агенцтва навінаў BNS.

Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя, атрымаўшы інфармацыю аб масавай гібелі рыб і жывёл у Нёмане каля Гродна, 15 чэрвеня ўзяло пробы вады з Нёмана каля Алітуса і Друскенік.

Першыя вынікі паказваюць невялікае зніжэнне, але не крытычны ўзровень кіслароду, а таксама тэмпературу вады 20−21 градуса. На думку агенцтва, такая высокая тэмпература магла прывесці да зніжэння кіслароду.

Іншыя вынікі даследаванняў запланаваны на пачатак наступнага тыдня.