На 17 чэрвеня ў Беларусі лабараторна пацвердзілі 56 032 выпадкі каранавіруса, паведамляе Мінздароўя. Ачунялі і выпісаныя 32 735 пацыентаў, 324 чалавекі з дыягнаставаны раней COVID-19 памерлі.
За апошнія суткі ў Беларусі выявілі 663 новыя выпадкі COVID-19, паводле афіцыйных звестак памерлі 6 чалавек, 1462 пацыенты выпісалі. Колькасць новых выпадкаў, паводле афіцыйнай статыстыкі, падае з 5 чэрвеня (887 выпадкаў).
З пачатку распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі правялі 778 935 тэстаў. За апошнія суткі - 18 386, з іх 3,6% былі станоўчымі.
Урад Беларусі ўнёс COVID-19 (код В 97.2) у спіс захворванняў, якія даюць права на бясплатнае забеспячэнне лекамі, што выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах спісу асноўных лекавых сродкаў, пры амбулаторным лячэнні, а таксама лячэбным харчаваннем.
Рашэнне замацавана пастановай № 344, якую апублікавалі сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Цяпер частка пацыентаў з COVID-19 лечацца дома, напомнілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Да іх адносяцца пацыенты з лёгкімі і сярэднецяжкімі формамі захворвання, у тым ліку няцяжкай пнеўманіяй.
Для больш эфектыўнага лячэння пацыентаў з інфекцыяй COVID-19 у амбулаторных умовах у загадзе вызначаны пералік лекавых сродкаў, якія могуць быць прызначаныя пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй пры лячэнні дома і павінны закупляцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.
У спіс лекаў уваходзіць:
- Парацэтамол 500 мг, таблеткі;
- Азітраміцын 500 мг і 250 мг, таблеткі капсулы;
- Амоксіцілін / клавуалонавая кіслата 875/125 мг, таблеткі;
- Кларытраміцын 500 мг, таблеткі;
- Цэфураксім аксеціл 500 мг, таблеткі;
- Левафлаксацын 750 мг, таблеткі.
Пастанова ўрада ўступае ў сілу з 15 чэрвеня 2020 года.