Фельчар з Ліды Павел Палейчык, якому не працягваюць кантракт на працы, сабраў 20 360 рублёў, хоць планаваў сабраць 2 000. Ён падзякаваў усіх, хто яму ахвяраваў грошы, і закрыў збор.

За два дні яму скінуліся 1 440 чалавек. Частку грошай Павел плануе аддаць на дабрачыннасць і дапамогу іншым людзям.

«Мы закрываем збор, бо сума ўжо непрыстойная велізарная, а людзі працягваюць папаўняць рахунак. УСІМ ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ ЗА ПАДТРЫМКУ!!! Нечакана збор атрымаўся ашаламляльным, таму пакуль планаў па выкарыстанні грошай няма, але частка абавязкова пойдзе на дапамогу іншым і дабрачыннасць. Яшчэ раз усім-усім вялікі дзякуй!" — напісаў медык на molamola.by.

8 чэрвеня стала вядома, што медыку не падоўжаць кантракт, які заканчваецца 9 ліпеня. Праблемы на працы ў фельчара пачаліся пасля сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім. На стрыме ў блогера Павел выказаўся пра эпідэмію ў горадзе і сітуацыю ў бальніцы. Лідскага фельчара асудзілі на сем сутак.

Дзе цяпер будзе працаваць, медык пакуль не ведае. У Лідзе ёсць прыватны медцэнтр, але, па словах Паўла, туды так проста не прабіцца. Жонка Юлія, якая таксама працуе лекарам у раённай бальніцы, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.