Увечары 8 чэрвеня скончыліся 10 сутак знаходжання пад вартай Сяргея Ціханоўскага, блогера і кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, прэтэндэнткі ў кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах. Сёння, 9 чэрвеня, Следчы камітэт апублікаваў абвінавачанне.
Сяргея Ціханоўскага і яшчэ сем затрыманых на пікеце ў Гродне вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Гэты артыкул прадугледжвае штраф, арышт, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў. Як паведамляе СК, дзеяннi аднаго з затрыманых таксама кваліфікаваныя па арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
Чытайце таксама: «Ён не «беларускі Навальны». Святлана Ціханоўская дала першае тэлеінтэрв'ю
Расследаванне праходзіць у рамках крымінальнай справы аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Абвінавачаныя заключаныя пад варту.
Паводле дадзеных следства, 29 траўня ў час пікету па зборы подпісаў у Гродне было арганізавана правядзенне «незаконнага грамадскага мерапрыемства, падчас якога здзейсненыя групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням міліцыі». Пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Пазней крымінальная справа за гвалт да супрацоўнікаў міліцыі распачалі ў дачыненні да яшчэ аднаго чалавека.
Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?
У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.
Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.
Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.
У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.