Трэцюю нядзелю запар сотні людзей прыйшлі на Савецкую плошчу ў Гродне, каб падпісацца за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Праваабаронцы, якія назіраюць за зборам подпісаў, адзначаюць, што даўно не бачылі ў гараджан такой цікавасці да прэзідэнцкіх выбараў.
Старшыня рэгіянальнага аддзялення Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Раман Юргель сочыць за зборам подпісаў з самага старту кампаніі. На гэтым этапе яго задача — фіксаваць парушэнні.
«Гэтыя выбары адрозніваюцца тым, што людзі выходзяць падпісвацца адкрыта на плошчу. Такога за мой 21-гадовы вопыт назіранняў яшчэ не было: такой актыўнасці, салідарнасці і самаарганізацыі. Гараджане прыходзяць на плошчу цэлымі сем’ямі, людзі розных узростаў, нават цяжарныя жанчыны стаяць у чарзе. І заўважна, як моладзь стала цікавіцца палітыкай».
Людзі самаарганізаваліся
Праваабаронца ўпершыню бачыць, каб гродзенцы пакідалі подпісы адразу за некалькіх прэтэндэнтаў у адным месцы.
«Збор подпісаў у розныя дні праходзіць адразу альбо за трох альбо за чатырох прэтэндэнтаў. Чэргі з палудня і да вечара. Гродзенцы праяўляюць неверагодную актыўнасць. Страху ў людзей няма, усе хочуць пераменаў. Прыкметна, як людзі самаарганізаваліся,
у чэргах узаемапавага і сацыяльная дыстанцыя».
Самае сур’ёзнае парушэнне — правакацыя на Савецкай
З пачатку прэзідэнцкай кампаніі Раман Юргель зафіксаваў некалькі парушэнняў. Самае сур’ёзнае — затрыманне Сяргея Ціханоўскага і іншых актывістаў 29 мая на Савецкай плошчы.
«Брутальная правакацыя — гэта сур’ёзнае парушэнне. Людзей, якія прыйшлі паставіць подпісы, скручвалі і забіралі ў машыны, а потым іх абвінавацілі, што яны прычынілі шкоду супрацоўнікам міліцыі. Ужо ўся міжнародная грамадскасць бачыла відэа затрыманняў і зрабіла свае высновы на гэты конт. Правакацыя не ўдалася, але людзі да гэтага часу затрыманыя».
Чытайце таксама:
- «Не идти на выборы — проголосовать за власть». Виктор Бабарико собрал на встрече 250 гродненцев
- Валерий Цепкало рассказал, что он сделает с государственными символами, если победит на выборах
- «Все убито, развалено, одни обещания». Гродненцы про выборы-2020
Хацеў бы ўбачыць пікет групы Лукашэнкі
Раман Юргель хацеў бы ўбачыць у Гродне першы пікет па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль ён толькі атрымлівае сігналы аб парушэннях з боку ягонай ініцыятыўнай групы.
«З пачатку кампаніі ў Гродне не было ніводнага пікету за Лукашэнку. Зразумела, што яго каманда збірае подпісы неяк інакш. Нам паведамляюць, што сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу збіраюць подпісы на прадпрыемствах у працоўны час. Гэта парушэнне. І на мінулых выбарах мы фіксавалі падобнае. Але па выніку маем толькі адпіскі».
Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?
У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.
Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.
Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.
У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.