Сёння, 4 чэрвеня, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў склад новага ўрада. Рашэнне аб адстаўцы ранейшага агучылі напярэдадні, вечарам 3 чэрвеня. Цяпер у Беларусі новы прэм’ер-міністр і кіраўнікі некалькіх міністэрстваў.
Новым прэм’ер-міністрам Беларусі стаў Раман Галоўчанка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Да гэтага з 2018 года ён быў старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Напярэдадні прызначэння ён прыходзіў да Лукашэнкі с дакладам аб стане спраў на падведамных прадпрыемствах і арганізацыях Дзяржкамваенпрама.
“Гэта надзейны чалавек, якому можна давяраць. Які разумее, ад зямлі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Ён патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі. Аб’ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе, ні ў адной краіне. Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы”.
Раману Галоўчанка 46 гадоў. Ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расійскай Федэрацыі па спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны”, у 2003 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю”. З 1997 па 2002 год працаваў у Савеце Бяспекі, да 2005 быў намеснікам начальніка аддзела ў Генпракуратуры, працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, Дзяржкамваенпраме. У 2013-2018 гадах быў паслом Беларусі ў ААЭ.
Каго яшчэ замянілі ва ўрадзе
Віцэ-прэм’ерам прызначаны Аляксандр Субоцін. У 2015-2017 гадах ён быў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі, потым працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, а ў 2018-м атрымаў працу ў Маскве, стаўшы членам калегіі (міністрам) па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу, піша T*T.BY.
Першым віцэ-прэм’ерам стаў Мікалай Снапкоў. Намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнка прызначыў Дзмітрыя Крутога. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзначаліў Іван Цэрцэль.
Таксама стала вядома, што ў Беларусі памяняліся міністр будаўніцтва, прамысловасці, фінансаў, ЖКГ і інфармацыі. Новым міністрам інфармацыі стаў Ігар Луцкі, былы гендырэктар тэлеканала “СТВ”.
“Трапячыце, СМІ!”, – пракаментаваў прызначэнне тэлеграм-канал прэс-службы прэзідэнта “Пул Першага”.
Лукашэнка таксама распавёў пра сваю гутарку з Сяргеем Румасам, ужо былым прэм’ерам: “Вялікіх прэтэнзій няма, але чалавек хоча займацца бізнесам. Я вітаю!”.
Сяргей Румас займаў сваю пасаду са жніўня 2018 года. Экс-прэм’еру 50 гадоў, у яго чацвёра сыноў. Аб адстаўцы Румаса стала вядома сёння раніцай. У новы склад урада ён не ўвайшоў.
“Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нават тыя, хто не трапіць сёння ў новы Урад, без працы не застануцца, яны не ворагі”, – сказаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ратацыя кадраў і абнаўленне складу ўрада былі праведзены каля года таму. “Гэта натуральны працэс. […] Натуральна, пасля выбараў – гэта іспыт. Мы паглядзім, хто як здае экзамен, – растлумачыў ён. – Гэты ж партфель нікому не даецца навечна, у тым ліку мне. Мяне абірае народ, вас прызначае прэзідэнт. Усё па Канстытуцыі”.


