172 подпісы сабрала ініцыятыўная група Алеся Таболіча ў Гродне. Чарга з прыкладна 15 чалавек не разыходзілася чатыры гадзіны, хоць ініцыятыўная група планавала збіраць подпісы з 13.00 да 16.00. Сам прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта кажа, што не чакаў такой актыўнасці ад гродзенцаў, і праз тыдзень зноў прыедзе ў наш горад.
31 траўня Савецкая плошча ў Гродне сабрала сотні чалавек. Аўтамабілісты сігналілі, людзі пляскалі ў далоні і скандзіравалі «Сва-бо-ду!». Збіралі подпісы ініцыятыўныя групы некалькіх прэтэндэнтаў: Цапкалы, Бабарыкі, Таболіча, Кавальковай і Ціханоўскай. Да апошняй была самая вялікая чарга. Яна пачыналася ля сквера з помнікам Фары Вітаўта, ішла праз усю плошчу і сканчалася бліжэй да Фарнага касцёла.
Пікет Таболіча размясціўся на Савецкай плошчы. Там жа размясцілі банер прэтэндэнта з надпісам: «Аляксандр Рыгоравіч — альтэрнатыўны кандыдата № 13». Таболіч з’явіўся ў вышыванцы з чарапамі і кепцы з «Пагоняй». Разам з ім прыехалі музыка Аляксандр Памідораў і Уладзімір Шаблінскі - стваральнік канцэртнага агенцтва «Шаблі» і ўладальнік аднайменнага хутара ў Валожынскім раёне.
— А за каго вы? — два веласіпедысты пад’язджаюць, убачыўшы банер.
— За Аляксандра Рыгоравіча, толькі іншага, — адказваюць ім з чаргі.
— Ну, дзякуй Богу, пранесла, — ад’язджаюць веласіпедысты.
Сам Алесь Таболіч кажа, што гадоў 10 таму піў піва з сябрамі ў тады яму жартам параілі ісці ў прэзідэнты. Маўляў, ён жа таксама «Аляксандр Рыгоравіч». Гэты «брэнд» ён цяпер і выкарыстоўвае. На той момант Алесю не было 35 гадоў [паводле беларускага заканадаўства прэзідэнту павінна быць 35 гадоў - Hrodna.life]. А цяпер яму 40 — і ён наважыўся.
Спачатку музыка і тату-майстар падаваў дакументы «па прыколе». Потым яго зарэгістравалі ў ЦВК і цяпер Алесь Таболіч сур’ёзна размаўляе з T*T.BY пра легалізацыю прастытуцыі, выкарыстанне лёгкіх наркотыкаў у медыцынскіх мэтах і развіццё турызму. А ў анлайн-галасаваннях у СМІ займае 5-е і 6-е месцы. Ёсць прыклады,
калі людзі ад культуры прыходзілі да ўлады і паспяхова кіравалі. Напрыклад, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі або мэр Рэйк’явіка у 2010−2014 гадах Ён Гнарр — камедыйны акцёр і панк з дыслексіяй, распавёў Алесь Таболіч.
— Гэтыя пазітыўныя прыклады ўзнікалі тады, калі людзі страцілі веру ў палітыкаў як такіх, і пачалі шукаць новых людзей. Іх задаўбала ўлада, якая не цікавіцца людзьмі, — кажа Алесь.
«Нават калі не стане прэзідэнтам, як мінімум — міністрам культуры»
Людзі актыўна абмяркоўваюць у чарзе, чаму яны падпісваюцца за Таболіча.
«Мне 24 гады. Я хачу, каб кіраваць ішлі маладыя, а не вось гэта вось старое. Я працавала ў калгасе, там заробкі жабрацкія, не ведаюць, як зрабіць, каб гэтыя каровы нармальныя былі», — распавядае дзяўчына.
«У мяне сястра пайшла на пенсію з „Азота“ — 270 рублёў», — выказваюцца людзі. Таксама яны абмяркоўваюць дзеянні ўладаў пры пандэміі. Кажуць пра тое, што арандатарам у каранавірус маглі б і знізіць плату.
— Жадаем падтрымаць беларускую культуру, — з такімі словамі падыходзяць жанчыны, каб подпісацца за Таболіча. Сыходзячы, кажуць «Жыве Беларусь!».
«Нават калі не стане прэзідэнтам, як мінімум — міністрам культуры, — кажуць падпісанты. Яны спадзяюцца на дэмакратычныя перамены, пашырэнне міжнародных сувязей. — У яго усё атрымліваецца з фестывалямі насуперак усім цяжкасцям. Мае вопыт арганізатара — усё атрымаецца».
«Вы хоць здужаеце свой ліміт?» — пытаюцца жанчыны, падпісваючыся. «У нас ужо 200 000 подпісаў», — жартуе Аляксандр Памідораў, член ініцыятыўнай групы прэтэндэнта. Пазней ён распавёў Hrodna.life, што спачатку ён не хацеў, каб Алесь Таболіч удзельнічаў у выбарах. Але калі яго зарэгістравалі ў ЦВК, не мог не падтрымаць сябра і калегу. «Вядома, здужае! Будзем старацца, праўда?» — адказваюць за Таболіча у чарзе.
У Гродне ён сабраў 172 подпісы. Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта здзівіўся, што яго так падтрымалі ў Гродне. Да гэтага подпісы збіралі ў Мінску, Салігорску, Слуцку. Подпісы яшчэ не падлічвалі, паколькі ў ініцыятыўнай групы няма галоўнага штаба. Маленькая група не ўкладвае шмат сродкаў у кампанію. Напрыклад, сябры бясплатна надрукавалі банер, стварылі групы ў сацсетках. «30 тысяч, як у Гайдукевіча, з такой маленькай ініцыятыўнай групай сабраць складана. Але яшчэ ёсць 19 дзен», — кажа Таболіч.
Стаўка на апалітычную моладзь
Падпісваюцца за яго не толькі прыхільнікі творчасці. Моладзь 18−25 гадоў зараз апалітычная, сказаў Таболіч. Менавіта на яе ён робіць стаўку. «Мяне менш ведаюць, чым іншых. Трошку ведаюць, што ёсць такі рокер, чытаюць інтэрв'ю. Пытанняў не задаюць, проста цікавяцца, хто я, глядзяць на плакат і разумеюць, што нейкі „альтэрнатыўшчык“. Людзі зараз апантаныя, па-новаму глядзяць на ўсё. І галоўнае — ёсць цікавасць да выбараў і зменаў у нашай краіне».
— Мы хочам даць магчымасць Алесю Таболічу выйсці ў іншы этап, каб была магчымасць агітаваць, — распавядае Hrodna.life маладая пара.
— Мы — тое самае. Пакуль падпісваемся за ўсіх, хто падабаецца, а там — як атрымаецца, — падключаюцца старэйшыя жанчыны з чаргі.
Адны з тых, хто прыйшоў на плошчу, параўноўваюць тое, што адбываецца, з 1996 і 2011 годам. Іншыя кажуць, што сітуацыя падобная да свята — на плошчу выйшла шмат людзей, яны п’юць кактэйлі з суседніх кавярняў, гуляюць з дзецьмі і катаюцца на самакатах. І займаюць чаргу, каб падпісацца не «за», а «супраць».
«Тут жа не за кагосьці канкрэтнага, а супраць „кагосьці“ падпісацца стаім», — тлумачыць матывацыю мужчына з чаргі. «Я аддам подпіс за ўсіх, абы не за «яго». Давай падтрымаем і гэтага кандыдата. Так, можна за ўсіх падпісацца, — размаўляе мужчына па тэлефоне. — Ды мне пофіг, абы не за «яго». «Усё вернецца, — упэўнены мужчына ў чарзе. — Хлопец тут накасячыў за 26 гадоў. Не аднаго дня справа». Тым часам Аляксандр Памідораў грае новую песню на гітары і спявае «Хопіць баяцца, хопіць маўчаць, падпісвайся за Таболіча» і «Дапамажы Рыгаравічу».
«У людзей можа накіпець»
— Вы разлічваеце сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдата?
— 100 тысяч ніхто не збярэ, акрамя, можа, Бабарыкі і Ціханоўскай. Гэта ж у дзень трэба па 4000 подпісаў збіраць.
— Калі не збярэце, што будзеце рабіць?
— Як Гайдукевіч, папрашу сваіх выбарчышкаў на кагосьці арыентавацца. Але на дадзены момант у мяне лідара няма. Вельмі ўсё спрэчна. У асноўным людзі не за імем ідуць, падпісваюцца за «народных», не связаных з палітыкай, прэтэндэнтаў: бізнесмэна, блогера, я вось — рок-н-рольшчык. Да таго ж, усё можа змяніцца ў адзін момант. У нас яшчэ 19 дзён. Бабарыка 50 тысяч галасоў за тры дні сабраў, Лукашэнка за два дні - 200 тысяч. Так што мы збіраем і будзем збіраць да апошняга.
— Уявім, вы сталі кандыдатам у прэзідэнты. Верыце, што можаце зараз перамагчы ў беларускіх выбарах?
— Мы можам перамагчы ўдзелам у выбарах. Усе кажуць «байкот», «ай, не пайду на выбары», «кожныя пяць год адно і тое ж». А калі людзі будуць масава паказваць, што гэты працэс ёсць, уладам нічога не застанецца, як рабіць выбары празрыстымі. Калі будуць тысячы ў Гародні, Лідзе, Ваўкавыску, Баранавічах, яны проста спужаюцца фальсіфікаваць выбары. Падпісвацца за Ціханоўскую прыходзіць натоўп людзей. Зразумела, што яны хочуць перамен. Калі не зарэгіструюць Ціханоускую ці Бабарыку, у людзей можа накіпець.